Наталля СМУЛЬКЕВІЧ: У новым праекце Асноўнага Закону краіны замацавана тое, што дзяржава на працягу чвэрці стагоддзя рабіла і гарантавала штодзённа

Общество

Набліжаецца асноўная палітычная падзея нашай краіны 2022 года — рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Пройдзе ён 27 лютага. Пра тое, чаму шаркаўчане прымуць удзел у гасаванні, мы і даведаліся ад іх.

Наталля СМУЛЬКЕВІЧ, выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы:
— Адзін з артыкулаў у Канстытуцыі, прапанаваных на рэферэндум, 32-1, гарантуе садзейнічанне дзяржавы духоўнаму, творчаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварэнне неабходных умоў для рэалізацыі патэнцыялу кожнага ў інтарэсах грамадства.
Што магу сказаць як выкладчык школы мастацтваў? У новым праекце Асноўнага Закону краіны замацавана тое, што дзяржава на працягу чвэрці стагоддзя рабіла і гарантавала штодзённа. Узяць развіццё творчых здольнасцяў. Толькі ў нашым Шаркаўшчынскім раёне больш за 100 клубных фарміраванняў, 9 аматарскіх калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”. Мы ўдзельнічаем у конкурсах розных узроўняў і вяртаемся з перамогамі.
Навучанне ў школе мастацтваў, удзел у творчым жыцці раёна — гэта не толькі развіццё здольнасцяў і прафесійная арыентацыя моладзі. Гэта адцягненне ўвагі ад непатрэбных спакусаў, якімі наводнены сучасны рэальны і віртуальны свет. Мэта дзяржавы — стварыць умовы для развіцця кожнага, задача нас, людзей, якія склаліся як асобы, — таму садзейнічаць.
Упэўнена, моладзь павінна найперш быць сярод тых, каму трэба на рэферэндуме аддаць свой голас за абноўленую Канстытуцыю, бо Асноўны Закон працуе на іх будучыню і будучыню іх дзяцей.