Залаты юбілей адсвяткавала пара Перхуровічаў

Актуальное

“залатыя” юбіляры Мечыслаў Мечыславаіч і Яніна Сяргееўна Перхуровічы з сынам Алегам і ўнукам Арцёмам

Рэдакцыйны “жыгулёнак” у той дзень ледзьве змог праехаць па заснежанай дарозе Курылавічаў да хаты, дзе жывуць Мечыслаў Мечыслававіч і Яніна Сяргееўна Перхуровічы.

— Учора Алег трактарам расчысціў, — прамовіла нам з ганка гаспадыня, у госці да якой мы, у рэшце рэшт, усё ж такі завіталі. — Але ўсё роўна замятае.

Здаецца, нічым адметным сядзіба Перхуровічаў у вёсцы не вылучаецца: дом, гаспадарчыя пабудовы, звычайны сялянскі ўклад. Але ўся звычайнасць вясковага жыцця растварылася, калі мы пераступілі парог дома і пачалі душэўную гутарку з гаспадарамі — “віноўнікамі” сённяшняга дня. Ужо неаднойчы ў нашай газеце расказвалася пра людзей, якія пражылі разам пяцьдзесят год. Вось і пара Перхуровічаў не стала выключэннем.

—    Пяцьдзесят год прамінула, як пяць дзён, маланкай, — кажа Мечыслаў Мечыслававіч. — Здаецца, яшчэ ўчора паехаў я пагасціць да радні ў Паянычы, а мой дзядзька прапанаваў сасватацца з вясковай прыгажуняй Янінай. У хуткім часе згулялі вяселле. Спявалі і танчылі на ім пад гармонік Франака Бейнаровіча дзень у Паянычах і два дні ў маіх бацькоў у Курылавічах. Роспіс праходзіў у Пялікаўскім сельсавеце, а абрад вянчання ў касцёле г. Міёры. У пачатку сумеснага жыцця тры гады жылі ў Рымках Пастаўскага раёна, што на супрацьлеглым ад Курылавічаў беразе Дзісёнкі. Там жа на свет з’явіўся наш першы сынок Раман. Пакрысе абжываліся мэбляй, заводзілі хатнюю гаспадарку. А праз тры гады пабудавалі ўласны дом, у якім пражываем і зараз.

Яніна Сяргееўна працоўную частку свайго жыцця аддала жывёлагадоўлі, даглядала свіней, працавала даяркай на мясцовай ферме. Мечыслаў Мечыслававіч быў механізатарам калгаса імя Жданава, затым “Шлях Леніна”. Пачынаў “калясіць” на Т-25, за ім быў новенькі Т-40, некалькі год працаваў і на МТЗ-80. Не з вялікай ахвотай, крыху саромеючыся, але ўсё ж такі паведаў нам, што за свае працоўныя дасягненні быў у ліку лепшых па калгасе і на раённай Дошцы гонару таксама размяшчаўся яго фотаздымак. За належнае выкананне працоўных абавязкаў яшчэ і прэміраваўся пуцёўкамі ў аздараўленчыя санаторыі.

Кур’ёзам першай паездкі на лячэнне стала нечым падобная гісторыя, што адбылася ў мастацкай стужцы “Любовь и голуби”, дзе галоўны герой не мог ад’ехаць у санаторый па прычыне адсутнасці навыку завязваць гальштук. А Мечыслаў Мечыслававіч зусім не ўзяў з сабою гэты элемент святочнага гардэроба, у якім прапускалі на рознага роду мерапрыемствы.

Праз некаторы час да нашай гутаркі далучыўся і малодшы сын Алег, які ў той дзень завітаў да бацькоў са сваім сынам Арцёмам.

—    Мы вельмі ганарымся нашымі дзецьмі, — кажа Яніна Сяргееўна. — Раман хоць і жыве ў Мінску, але не менш як два разы на месяц прыязджае да нас, прывозіць гасцінцы. А нядаўна ў падарунак прывёз тэлевізар з вялікім экранам. Працуе наш старэйшы сын у адным са сталічных банкаў. Не абходзіць сваім клопатам, увагай і малодшы сын Алег. Амаль кожны дзень прыязджае да нас, дапамагае справіцца па гаспадарцы, адвязе па справах у райцэнтр. Вялікая справа, што жыве непадалёку, у Жукоўшчыне, працуе намеснікам дырэктара ААТ “Васюкі”. Вялікай радасцю напаўняюцца сэрцы, калі ўся наша сям’я збіраецца разам, бо акрамя сыноў маем яшчэ двух унукаў Антона і Арцёма і ўнучку Яну.

Няхай жа радасць сустрэч вашай вялікай і дружнай сям’і, паважаныя Мечыслаў Мечыслававіч і Яніна Сяргееўна, цягнецца доўгія-доўгія гады!

Сяргей РАЙЧОНАК,

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *