Конкурс на лепшую пярвічную арганізацыю БРСМ пад назвай «Школьны марафон»

Актуальное

Якімі павінны быць прадстаўнікі вучнёўскай моладзі? Ініцыятыўнымі, творчымі, вясёлымі, энергічнымі. Менавіта гэтыя якасці выдатна праявіліся падчас конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю БРСМ пад назвай «Школьны марафон», правядзенне якога прысвечана 10-годдзю БРСМ. Мерапрыемства праходзіла на базе Шаркаўшчынскай СШ № 1 у суботу 9 лютага. У конкурсе прымалі ўдзел пярвічныя арганізацыі БРСМ сярэдніх школ Шаркаўшчыны, Більдзюг, Германавіч, Іёдскай СШ-сада. Кожная каманда складалася з шасці старшакласнікаў на чале з сакратаром пярвічнай арганізацыі.

У першым конкурсе «Знаёмцеся — гэта мы!» каманды ў пяціхвілінным выступленні павінны былі расказаць пра дзейнасць сваёй арганізацыі, гісторыю і традыцыі, пераемнасць і сувязь пакаленняў. Перад імі стаяла задача падаць інфармацыю цікава, весела і энергічна. І юныя актывісты з задачай справіліся выдатна. Яскравай атрымалася візітка ў Шаркаўшчынскай СШ № 2, а вучні Більдзюжскай СШ зрабілі акцэнт у падачы матэрыялу на гумар. У конкурсе капітанаў удзел прымалі сакратары пярвічных арганізацый, у першай частцы ім трэба было праявіць аратарскія здольнасці ў выступленні на адну з зададзеных тэм. Найлепей з задачай справіўся капітан каманды Шаркаўшчынскай СШ № 2 Эдвард Вялічка, у яго валоданне маўленнем сумяшчалася са змястоўнасцю. У сваёй прамове ён расказаў пра чытацкія інтарэсы моладзі і ўласныя кніжныя густы. А вось у другой частцы конкурсу ў адказах на пытанні ведамі бліснулі дзяўчаты — капітаны іёдскай і германавіцкай каманд. У конкурсе агітбрыгад актывісты папулярызавалі дзейнасць БРСМ. А ў якасці дамашняга задання каманды прадставілі знятыя ўласнымі сіламі невялікія відэа, якія нікога ў зале не пакінулі без усмешкі. Бо ўсе каманды выбралі галоўным прынцыпам гумар і прадэманстравалі, што іх стваральнікі маюць выдатныя рэжысёрскія здольнасці.

каманды Більдзюжскай СШ і Шаркаўшчынскай СШ № 1 падзялілі паміж сабой першае месца

Падвяла вынік убачанаму прадстаўніца журы загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Рычардаўна Рымдзёнак:

— Шчыра скажу, не шкадую, што правяла гэты суботні ранак тут з вамі. Было сапраўды цікава, весела, атрымала ад вас, юных і энергічных, зарад бадзёрасці на ўвесь дзень. Хачу падзякаваць усім удзельнікам за выдатнае выступленне, а таксама педагогам, якія дапамагалі вам у падрыхтоўцы. Як аказалася, паміж камандамі былі зусім маленькія разрывы і ўсё рашалі некалькі балаў. Дыпломамі ўдзельнікаў мы ўзнагароджваем каманды Іёдскай СШ-сада і Германавіцкай СШ, трэцяе месца займае Шаркаўшчынская СШ № 1. А вось першае і дугое месца мы вырашылі падзяліць паміж Більдзюжскай СШ і Шаркаўшчынскай СШ № 2. Шаркаўчане спадабаліся нам сваёй арганізаванасцю, зладжанасцю, выдатнай падрыхтоўкай, а школьнікі з Більдзюг — арыгінальным падыходам. Яны змаглі ўнесці практычна ва ўсе свае выступленні элементы гумару, пры гэтым не згубіўшы ў змястоўнасці.  Дзве названыя каманды і паедуць прадстаўляць наш раён на аналагічным абласным конкурсе.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *