Валерый Вазняк праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў Полацкім пагранічным атрадзе

Патрыятычнае выхаванне

Валерый Вазняк у цяперашні час праходзіць тэрміновую вайсковую службу у органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а менавіта ў Полацкім пагранічным атрадзе, размешчаным у пасёлку Фарынава. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь мы пагутарылі з ім пра яго службу, пра мары і далейшыя перспектывы шаркаўчаніна.
— Нарадзіўся я ў Алашках, — кажа мой суразмоўца, — але дзяцінства і юнацтва прайшлі ў вёсцы Галінова, непадалёк ад райцэнтра. Вучыўся ў сярэдняй школе № 1 г. п. Шаркаўшчына, пасля заканчэння якой вырашыў паступаць у акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў.
На гэтым, як сказаў сам Валерый, настойвалі бацькі. Аднак юнаку крыху не пашанцавала стаць курсантам міліцэйскай ВНУ. Тым не менш, крыўдаваць ён не стаў, а пайшоў працаваць на адно з прыватных прадпрыемстваў гарпасёлка, маўляў, нельга проста так сядзець без справы, трэба дапамагаць бацькам.
— У маі мінулага года мне ўручылі павестку аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу, — працягвае Валерый. — У супрацоўнікаў ваеннага камісарыята сам папрасіў, каб накіравалі мяне ў пагранічнікі. Так і адбылося. Вось з таго часу і служу ў Полацкім пагранічным атрадзе, аб чым ніводнага разу не пашкадаваў.
Як вядома, менавіта пагранічнікі ахоўваюць граніцы краіны ад пранікнення парушальнікаў, першымі ў выпадку парушэння граніцы сутыкаюцца з ворагам, даюць яму адпор.
— Я служу ў манеўровай групе, — расказвае шаркаўчанін, — гэта нешта накшталт спецназу. Па трывозе без прамаруджвання абавязаны ў кароткі час з’явіцца там, дзе зафіксавана парушэнне дзяржаўнай граніцы. За гэты час давялося служыць на пагранічных заставах “Урбаны”, “Відзы”, якія ўваходзяць у зону адказнасці нашага пагранічнага атрада, ажыццяўляць кантроль па недапушчэнні незаконнага парушэння дзяржаўнай граніцы бежанцамі з паўнёвых краін. За гэта маю сваю першую ўзнагароду ад вайсковага камандавання — нагрудны знак “100 выхадаў на ахову дзяржаўнай граніцы”.
Сёлета планую падаць дакументы для паступлення ў Інстытут пагранічнай службы. Спадзяюся, што мне пашчасціць стаць курсантам гэтай прэстыжнай ВНУ, каб потым з афіцэрскімі пагонамі на плячах абараняць мір і спакой нашай краіны і кожнага яе жыхара.
Сяргей РАЙЧОНАК.