Загінуў як герой. У сям’і Сандзюкоў з вёскі Васюкі захоўваюць памяць пра сына Леаніда, які не вярнуўся з Афганскай вайны

Актуальное

У вёсцы Васюкі Станіславоўскага сельскага Савета пражывае Веніямін Паўлавіч Сандзюк з дачкой Таццянай і яе сям’ёй. Іх сын і брат Леанід загінуў у Афганістане ў час службы, ратуючы сяброў і выносячы з пажару боепрыпасы.

15 лютага гэтага года ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людмілай Уладзіміраўнай Стома і старшынёй выканкама Станіславоўскага сельскага Савета Аленай Георгіеўнай Сідарчук карэспандэнт “КР” пабывала ў сям’і загінуўшага салдата.

Веніямін Паўлавіч Сандзюк два гады назад пераехаў з Глыбоччыны ў наш раён. У пакоі, на відным месцы стаіць партрэт Леаніда. Веніямін Паўлавіч з жалем у сэрцы стаў прыгадваць гады жыцця сына. Дастаў фотаальбомы, якія беражліва захоўвае, стаў паказваць граматы Леаніда за спартыўныя дасягненні, калі той хадзіў ва Узрэчскую васьмігадовую школу, затым вучыўся на ветэрынарным аддзяленні Ільянскага саўгаса-тэхнікума. Хлопец быў загартаваны, вызначаўся фізічнай сілай і вынослівасцю, займаўся ў секцыі бокса. Пасля заканчэння тэхнікума праходзіў практыку ў адной з гаспадарак Лепельскага раёна.

30 сакавіка 1981 года Вілейскім райваенкаматам Мінскай вобласці быў прызваны ў рады Узброеных Сіл. Службу праходзіў у вайсковай часці Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна.

Не змог 83-гадовы Веніямін Паўлавіч стрымаць слёз, калі прапанаваў нам Рэспубліканскую кнігу памяць воінаў-інтарнацыяналістаў, выдадзеную ў 1999 годзе. Знаходзім прозвішча Леаніда Веніямінавіча Сандзюка (1962—1982 г.). Пад фатаграфіяй кароткая даведка: тапаграфіст батарэі гукавой і радыялакацыйнай разведкі, радавы.

У ліпені 1981 года Леанід Сандзюк быў накіраваны ў Афганістан. А 9 лютага 1982 года ў час артылерыйскага абстрэлу быў паранены. Праз тры дні, ад цяжкіх ран, памёр у шпіталі.

— Пісаў сын вельмі часта, — прыгадвае бацька. — Змест яго пісем ведаю на памяць. У снежні пісаў: “Стаім высока ў гарах. Ахоўваем аб’ект. Відаць, тут і прыйдзецца сустракаць новы год”. Так яно і атрымалася. У наступным лісце паведамляў: “Новы год сустракалі без снегу, пры тэмпературы плюс 60 градусаў. Гэты год мне запомніцца на ўсё жыццё”. Чаму — не пісаў, але маё сэрца адчувала, што не даслужыць ён…

Але далей запэўніваў, што ўсё добра, служба ідзе хутка. Аднойчы працягвае паштальён пісьмо і кажа: “Магчыма, Паўлавіч, яно апошняе”. Як у ваду глядзела — наступіла нямая цішыня.

Цёмнымі начамі не раз бацька “ехаў да сына” і ні разу з ім не сустрэўся. Затым прыйшло паведамленне з часці. Камандзір пісаў, што Леанід Сандзюк загінуў як герой.

Не змагла перажыць такое гора маці. Хутка і яна пайшла з жыцця.

— У маёй памяці Лёня застанецца назаўсёды маладым, як на гэтым фотаздымку. Ніколі не згасне памяць балючая, вострая, горкая, — кажа Веніямін Паўлавіч.

Вялікая мара жыве ў душы старога чалавека, бацькі загінуўшага салдата — знайсці аднапалчан яго Леаніда і больш падрабязна даведацца аб ім з вуснаў саслужыўцаў.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *