Комплекс Жукоўшчына ААТ “Васюкі”

Сельское хозяйство

ААТ “Васюкі” адносіцца да ліку гаспадарак раёна, якія працуюць з добрым вынікам. Гэта тычыцца як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі. Нельга не адзначыць наступны факт: каля 92 працэнтаў малака гаспадарка здала дзяржаве за студзень гатункам “экстра”. Гэта найлепшы паказчык у раёне.

Вялікі ўклад у агульны дабрабыт гаспадаркі ўносяць працаўнікі жывёлагадоўчага комплексу Жукоўшчына. Калектыў ўзначальвае Анатолій Райчонак — загадчыкам працуе 10 гадоў. На комплексе ўтрымліваюцца 520 галоў дойнага статку, 219 цялушак для ўзнаўлення статка, 345 бычкоў і цялушак на дарошчванні. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 505 грамаў (да параўнання, у 2012 годзе гэты паказчык раўняўся 465 грамам). Валавы надой у студзені па комплексу — 175 тон малака (рост у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам 152,2 працэнта), надой ад каровы склаў 345 кг.

“А як удаецца здаваць малако гатункам “экстра”?” — пытаюся ў Анатолія Яўгенавіча. Загадчык комплексу адказвае: “Каб атрымаць чыстае малако, трэба захоўваць тэхналогію даення і санітарныя нормы. Рэгулярна мяняем фільтры, робім прамыўку сістэмы. І яшчэ вельмі важны чалавечы фактар. Ну і, канечне, патрабуецца пастаянны кантроль”. У адказе Анатолія Яўгенавіча не прагучала нічога новага — былі агучаны тыя ісціны, якія ведае кожны жывёлавод. У адрозненні ад іншых, на комплексе Жукоўшчына названыя патрабаванні выконваюцца на практыцы.

Многае ў гэтай справе залежыць ад даярак. На комплексе добрасумленна працуюць Іна Андрэйчык, Галіна Руткоўская, Наталля Корзун, Раіса Савелава, Алена Абуховіч, Таццяна Райчонак, Святлана Ганчар, Наталля Жук, Алена Пазняк, Людміла Лук’янёнак і Таццяна Беласлудцава.

Цялушак для ўзнаўлення статка даглядаюць Анатолій Андрэйчык і Віктар Кірэй, на дарошчванні заняты Марыя Чабатаронак і Азіс Гуліеў. Дзённымі вартаўнікамі працуюць Іван Перхуровіч, Аляксандр Пронічкін, Алік Вяліеў, слесарамі-наладчыкамі — Вячаслаў Касарэўскі і Алег Лысёнак. Справамі ўзнаўлення статка займаецца асемянатар Марына Стацэвіч. На раздачы кармоў задзейнічаны Пётр Курыловіч, які працуе на “Амкадоры”, і Віктар Жук — на кормараздатчыку.

Па словах Анатолія Яўгенавіча, комплекс забяспечаны кармамі — маюцца сілас, сянаж, сена, камбікорм. Арганізавана двухразовае кармленне жывёлы.

Загадчык комплексу задаволены працай узначальваемага калектыву. Па ўсяму бачна, што кожны работнік імкнецца добрасумленна выконваць свае абавязкі, бо ведае, што гэта ўплывае на агульны вынік і, што вельмі важна, заробак, які напрамую залежыць ад колькасці і якасці малака, а таксама ад прываг жывёлы.

Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *