Уладзімір Уладзіміравіч Сідарчук з вёскі Станіславова адзначыў сваё 75-годдзе

Общество

Калі пішаш артыкул пра чалавека, нельга кіравацца толькі сухімі біяграфічнымі фактамі з жыцця. Безумоўна, без іх не абыйсціся, але найперш хочацца расказаць чытачу пра асобу і чым ён вылучаецца сярод іншых людзей.
У вёсцы Станіславова пражывае Уладзімір Уладзіміравіч Сідарчук. Нядаўна мужчына сустрэў свой 75-ы дзень нараджэння. Гэта вельмі паважаны ўзрост, каб падвесці пэўныя жыццёвыя вынікі, але, як сказаў сам юбіляр, яшчэ ён ставіць перад сабой на будучае разнастайныя жыццёвыя планы і мэты, і гэтая акалічнасць не можа не радаваць яго родных.
Нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч 24 лютага 1947 года ў вёсцы Жданы. Гаротнае пасляваеннае дзяцінства прымусіла Валодзю ў васьмігадовым узросце пайсці працаваць у мясцовы калгас. Вядома, хлопчыку не па сілах было спраўляцца з цяжкай працай, але ўсё ж каня запрэгчы ён мог. Дарослыя загружалі воз гноем, а дзеці, падлеткі, сярод якіх быў і Валодзя, развозілі арганіку на палеткі. Паралельна з працай у калгасе ён спасцігаў грамату ў сямігадовай Станіславоўскай школе. Потым вучыўся ў Шаркаўшчынскай дзесяцігодцы, але не скончыў яе.
У 1966 годзе прыйшла павестка з райваенкамата аб прызыве на тэрміновую службу. Трапіў Уладзімір у вайсковую часць пасёлка Печы пад Барысавам, у танкавыя войскі. Служба, канечне, была не з лёгкіх: строгая дысцыпліна, фізічныя трэніроўкі. Але Уладзімір не скараўся перад цяжкасцямі, быў на добрым рахунку ў вайсковага камандавання. Таму, набыўшы спецыяльнасць механіка-вадзіцеля сярэдніх танкаў і атрымаўшы званне старшыны, вырашаў застацца на звыштэрміновую службу. Запрасіў у Барысаў са сваёй вёскі дзяўчыну Галіну, з якой сябравалі з дзяцінства, неўзабаве згулялі вяселле, у сям’і нарадзіўся першынец, сынок Саша.
Так склаліся жыццёвыя абставіны, што маладая сям’я ў 1971 годзе вяртаецца на сваю малую радзіму. Маці Уладзіміра засталася адна, таму патрэбна было дапамагаць ёй. Дзесьці год Уладзімір працаваў трактарыстам калгаса імя Жданава, потым — жывёлаводам, жонка Галіна стала даяркай. Як перадавікам сельгасвытворчасці, па загадзе старшыні аб’яднанага калгаса “Шлях Леніна” Сцяпана Іосіфавіча Пармона Сідарчукам пабудавалі дом у Станіславове, у якім, дарэчы, яны пражываюць і цяпер.
Неўзабаве ў сям’і нарадзіўся другі сын, якога назвалі Сяргеем, а потым і дачка Алёна. Нельга сказаць, што жыццё Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіны Станіславаўны было лёгкім і простым. Яны ніколі не пасавалі перад цяжкасцямі, нікому не скардзіліся на жыццёвыя турботы, а разам пераадольвалі складанасці і нягоды. Нарадзілі, выхавалі дастойнымі людзьмі дзяцей, маюць шэсць унукаў, а таксама аднаго праўнука і адну праўнучку. Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіну Станіславаўну радуе тая акалічнасць, што сыны і дачка жывуць побач з бацькамі ў адной вёсцы, кожны дзень бачацца.
Як упэўнена сцвярджаюць іх дзеці, на такіх бацькоў кожнаму з іх трэба раўняцца і браць прыклад, як трэба жыць у згодзе, ладзе і любові.
У дзень нараджэння павіншаваць Уладзіміра Уладзіміравіча з юбілеем прыйшлі не толькі яго родныя, але таксама бібліятэкар Васюкоўскай бібліятэкі Алена Пагарэлава і фельчар мясцовага ФАПа Вольга Кінько. Як сказаў сам юбіляр, адна мяне лечыць духоўна, прыносячы цікавую літаратуру на дом, а другая заўсёды цікавіцца станам майго здароўя, у любы час сутак гатова аказаць медыцынскую дапамогу, калі яна спатрэбіцца.
Вось такі чалавек, які, здавалася б, нічым адметным не вылучаецца сярод іншых аднавяскоўцаў пражывае ў Станіславове. Але спагадзе, дабрыні, жыццёваму вопыту і сямейным адносінам, якія пануюць у сям’і Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіны Станіславаўны Сідарчук можа пазайздросціць кожны. Шчасця вам на доўгія гады!
Сяргей РАЙЧОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Уладзіміравіч Сідарчук разам са сваёй жонкай Галінай Станіславаўнай дачкой Алёнай і сынам Аляксандрам