Шарковщина. Новости Шарковщины. Клiч Радзiмы. Клич Радзимы
Да помнікаў салдатам, абеліскаў У памяць вёсак спаленых дзяцей Ускласці кветкі і схіліцца нізка — Доўг без вайны народжаных дзяцей. Людміла Ардынская 22 сакавіка споўнілася 79 год з таго часу, калі нямецка-фашысцкія карнікі знішчылі разам з жыхарамі знакамітую вёску Хатынь — сімвал людскога болю і нязломнай чалавечай мужнасці. У аўторак каля помніка загінуўшым воінам і партызанам на плошчы Леніна гарпасёлка прайшла грамадзянска-патрыятычная акцыя “Памяць сэрца”. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна, вучні школ райцэнтра. Прысутныя ў знак памяці аб загінуўшых ахвярах Вялікай Айчыннай вайны запалілі лампады, паставілі іх каля падножжа помніка ў выглядзе чырвонага сэрца, усклалі жывыя кветкі. У той жа дзень прадстаўнікі грамадскасці, настаўнікі і вучні Іёдскай ДС—СШ, жыхары аграгарадка сабраліся на мітынг-рэквіем на месцы пахавання нявінна растралянага яўрэйскага насельніцтва Іёд і навакольных вёсак у час Вялікай Айчыннай вайны. Аддаць даніну павагі загінуўшым прыйшлі таксама намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шынкевіч, пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Дайлідзёнак. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Іёды нямецкія карнікі звозілі яўрэяў у мясцовае гета, якое размяшчалася побач з цяперашняй школай. Яўрэі былі не толькі з Іёд, але і з навакольных вёсак. Акупанты выкапалі вялізную яму, куды і звозілі растраляных яўрэяў з гета. Працягвалася гэта каля месяца. Паліцаі і нямецкія салдаты не дазвалялі забіраць целы забітых людзей, каб пахаваць на могілках. І толькі, як забілі апошняга яўрэя, мясцовыя жыхары на конях пачалі вазіць зямлю, каб засыпаць ёю амаль 500 нявінна забітых людзей. Протаіерэй, настаяцель храма Святога прарока Іллі ў аг. Іёды Васілій Стрыжнёў адслужыў паніхіду па загінуўшых людзях на месцы іх пахавання. Потым прысутныя ўсклалі кветкі да помніка, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб тых, хто знайшоў свой вечны спачын у гэтай магіле. Мінаюць гады, якія ўсё больш аддаляюць нас ад часоў вайны. Ужо амаль не засталося сведкаў той трагедыі чалавецтва 1941—1945 гадоў, і толькі людской памяці, непадуладнай часу, наканавана жыць скрозь вякі ў сэрцах нашчадкаў. Сяргей РАЙЧОНАК.