Сёння цяжка ўявіць наша жыццё без парыкмахерскіх, магазінаў, пунктаў пракату, рамонтных майстэрань. Людзі, якія працуюць у сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва, робяць усё для таго, каб наша жыццё было камфортным.
Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі — цудоўная нагода щспомніць заслугі работнікаў бытавой сферы і падзякаваць ім за іх майстэрства і прафесіяналізм.
Па аказанні бытавых паслуг у нашым раёне дзейнічаюць 4 сельскія комплексныя прыёмныя пункты і Шаркаўшчынскі камбінат бытавога абслугоўвання ў гарадскім пасёлку.
Для забеспячэння даступнасці атрымання неабходных паслуг кожнаму сельскаму жыхару на прадпрыемстве распрацаваны і зацверджаны графік выязнога абслугоўвання, які прадугледжвае 100-працэнтны ахват насельніцтва.
Кваліфікаваныя спецыялісты парыкмахерскай заўсёды дапамогуць стварыць свой вобраз: ад звычайнай да святочнай прычоскі і афарбоўкі. Фотаатэлье прапаноўвае не толькі паслугі па раздрукоўцы фотаздымкаў, але і арыгінальныя фотасувеніры з малюнкамі на майках, кружках, магнітах, гадзінніках. Майстры швейнага цэха акажуць паслугі па рамонце і пашыве адзення любой складанасці. Таксама ў КБА прымаюць заказы на стварэнне інфармацыйных стэндаў, аказваюцца паслугі пральні, транспартныя паслугі па дастаўцы малагабарытных грузаў. У насельніцтва ёсць магчымасць за вызначаную суму заказаць трактар для апрацоўкі прысядзібных участкаў. Акрамя адзення, вырабленага ў нашым швейным цэху, у КБА можна набыць і сталярныя вырабы.
— Прызнанне, поспехі і ўзнагароды прадпрыемства — гэта вынік працы з’яднанага і сяброўскага калектыву, — адзначыла дырэктар КБА Вольга Яндульская. — Людзі ў нас працалюбівыя, старанныя. І хоць калектыў на сённяшні дзень у нас невялікі, тым не менш, кожны з адказнасцю адносіцца да даручанай справы. Напрыклад, парыкмахер Алена Нікіфарава працуе ў КБА 20 год. Заўсёды знаходзіцца на добрым рахунку, мае станоўчыя водгукі ад удзячных кліентаў. Вялікі стаж работы ў галіне маюць майстар-закройшчык Галіна Палюковіч, швяя Аксана Лёвіна. Наогул, кожны заслугоўвае слоў павагі і ўдзячнасці.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць сваіх калег, ветэранаў працы галіны, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з надыходзячым прафесійным святам, пажадаць здароўя, сямейнага дабрабыту, прафесійных поспехаў, удзячных кліентаў і пакупнікоў нашай прадукцыі. Няхай вам заўсёды шчасціць у жыцці!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Сяргей РАЙЧОНАК.