У мехмайстэрнях ААТ «Агратэхсэрвіс» работа «кіпіць». Пасяўная кампанія — не за гарамі.

Сельское хозяйство

Акцэнт пры правядзенні вясенняй пасяўной кампаніі ў ААТ “Агртэхсэрвіс” робяць менавіта на энерганасычаную тэхніку, якая маецца ў гаспадарцы. А гэта магутныя трактары “Кіравец” К-744, “Беларус” МТЗ-3022 і 3522.
У пачатку тыдня мы наведаліся ў цэнтральныя механічныя майстэрні сельгаспрадпрыемства, каб пацікавіцца ходам падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ. Частка тэхнікі (грузавыя аўтамабілі і трактары) па чарзе пакідалі тэрыторыю, каб выконваць транспартныя работы, абслугоўваць жывёлагадоўчыя фермы. На другой пляцоўцы механізатары праводзілі апошнія падрыхтоўчыя работы (замена масла) на сваіх трактарах.
— Уся тэхніка, якая будзе задзейнічана падчас пасяўной кампаніі ў гаспадарцы, знаходзіцца ў спраўным стане, — кажа галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Сяргей Русак. — Стаўку мы, як і ў мінулыя гады, робім на энерганасычаныя трактары. На іх працуюць добрасумленныя механізатары, якія яшчэ з восені мінулага года пачалі рамонт тэхнікі, глебаапрацоўчых агрэгатаў, іншага прычапнога інвентару да пачатку палявых работ. Напрыклад, на трактарах “Кіравец” К-744 нязменна працуюць Юрый Кухальскі і Валерый Фёдараў. На такім жа трактары сёлета пачаў працу Іван Сямёнаў. Ён вопытны механізатар, за гады сваёй працы асвоіў шматлікую тэхніку, у тым ліку і камбайны. Таму і на К-744 у счэпе з культыватарам “Кёрлінг” ён будзе займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых механізатараў. Валерый Фёдараў, як і раней, будзе загортваць насенне ў глебу зерневых і зернебабовых культур у счэпе з 12-метровай сеялкай “Амазон”. Дарэчы, гэты высокапрадукцыйны пасяўны агрэгат адзіны сярод гаспадарак нашага раёна. Падрыхтаваныя да сяўбы і камбінаваныя пасяўныя агрэгаты АПП-6Д, АПП-6А, “Лемкен”, а таксама сеялка СЗТ-5,4. Адрамантаваў, замяніў старыя запчасткі на новыя на дыскатары механізатар Сяргей Балай. Наогул, усе мы з нецярпеннем чакаем, калі ўмовы надвор’я дазволяць распачаць палявыя работы. Часу для раскачкі няма. Пасяўную кампанію трэба будзе правесці ў аптымальныя тэрміны.
Тым часам у майстэрнях механізатары, слесары займаліся рамонтнымі работамі. Электрагазазваршчык Анатолій Барсук рамантаваў перасоўную даільную ўстаноўку. Вядома, не загарамі час, калі дойны статак трэба будзе вывесці на пашу, таму і даільныя ўстаноўкі, і ёмістасці для вады, і іншае абсталяванне павінна быць у спраўным стане.
— Мы загадзя распрацавалі палажэнне аб спаборніцтве на вясенняй пасяўной сярод працаўнікоў гаспадаркі, — кажа намеснік дырэктара ААТ “Агратэхсэрвіс” па ідэалагічнай рабоце, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Яся Краснікава. — Рыхтуем памяшканне сталовай для харчавання работнікаў, займаемся закупкай спецадзення, спецабутку, сродкаў аховы здароўя для тых, хто будзе працаваць з ядахімікатамі.
Зусім хутка падсохне глеба, умовы надвор’я дазволяць аграрыям вывесці тэхніку ў поле, каб шырокім фронтам распачаць вясеннюю пасяўную кампанію 2022 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.