“На Саракі пайшоў снег да ракі”

Культура

З мэтай прывіцця цікавасці да народных традыцый, развіцця этнаграфічнай культуры напрыканцы сакавіка ў раённай бібліятэцы бібліятэкары правялі свята “На Саракі пайшоў снег да ракі”. На меропрыемства былі запрошаны вучні 10 класа сярэдняй школы №2 г. п. Шаркаўшчына імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.

Амаль усе ведаюць, што 22 сакавіка — дзень вясенняга раўнадзенства. У гэты дзень нашы бабулі і дзядулі, а таксама некаторыя нашы бацькі святкавалі беларускае народнае свята Саракі. У народзе казалі, нібы на Саракі прылятае з выраяў 40 жаваранкаў і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Лічыцца, што менавіта з гэтага дня і пачынаецца сапраўдная вясна. Абуджаецца прырода, усё навокал напаўняецца прыемнымі пахамі раслін, чароўнымі гукамі, птушыным шчэбетам.

Саракі лічуць другой сустрэчай вясны. Дзень і ноч ураўноўваюцца па працягласці. Вядома, што гэты дзень прадвесціць сорак ранішнікаў (марозаў). Калі сорак ранішнікаў пройдуць запар, то лета будзе цёплае з дажджамі.

А як жа сустракалі вясну нашы продкі? Якія звычаі і абрады існавалі на Беларусі ў час вясны? На гэтыя і іншыя пытанні дзеці атрымалі адказы падчас мерапрыемства. Таксама вучні паўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і народных забавах, праспявалі прыпеўкі, паласаваліся печывам у выглядзе жаўрукоў, а пад  кіраўніцтвам майстра раённага цэнтра рамёстваў Святланы Заіка, якая з’яўляецца носьбітам традыцый беларускага мастацтва вацінанка, выразалі нажніцамі з паперы птушачку. Трэба адзначыць, што птушачка ў славян была прадвесніцай усяго добрага.

Усім было цікава, весела і запамінальна. Прыемна адчуць, што і сёння старадаўнія народныя звычаі цікавы для маладога пакалення.

Саракі не толькі народнае, але і праваслаўнае свята. Праваслаўная царква памянае ў гэты дзень сорак Севайсційскіх пакутнікаў. Якія прынялі пакутліваю смерць за веру ў Хрыста ў Севасціі ў 320 годзе.

Няхай нарэшце сакавік зіму пасуне і ў кожнага з нас прыгажосць абудзіць!

Т. ГАГАЛІНСКАЯ, загадчыца аддзела  абслугоўвання і інфармацыі  Шаркаўшчынскай ЦБС.