Былога бібліятэкара Більдзюгскай бібліятэкі Тамару Фёдараўну Кавалёнак з юбілеем павіншавалі яе калегі

Культура Общество

Многія людзі, асабліва ў апошні час, выбіраюць гарадское жыццё. А вось жыхарка аграгарадка Більдзюгі Тамара Фёдараўна Кавалёнак яшчэ ў маладосці, трапіўшы ў Мінск, не пажадала заставацца ў сталіцы нашай краіны, а вярнулася на сваю малую радзіму.
— Многія думаюць што менавіта ў гарадах лёгкія і вялікія заробкі, цікавы адпачынак і іншыя даброты жыцця, — кажа Тамара Фёдараўна. — У свой час я жыла ў Мінску, працавала ў адным з навукова-даследчых інстытутаў. Але ў пачатку 1980-х гадоў вырашыла кардынальна памяняць свой лёс і вярнулася ў родныя мясціны — у вёску Ваўчкі Більдзюгскага сельсавета. Тут мне прапанавалі пасаду бібліятэкара, на якой я нязменна адпрацавала 34 гады.
Ведаеце, я ніколі не пашкадавала, што змяніла гарадское жыццё на вясковае. Акрамя таго, што мне вельмі хацелася вярнуцца ў родную вёску, яшчэ і горад псіхалагічна негатыўна ўздзейнічаў. Імклівы тэмп жыцця аказаўся не па мне. У вёсцы і дыхаецца лягчэй, і людзі тут больш прыветлівыя і сардэчныя.
Незаўважна і непрыкметна праляцеў час. Здаецца, што толькі ўчора я стала загадваць Більдзюгскай бібліятэкай, завочна атрымала профільную адукацыю ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, але ўсё гэта засталося ў мінулым. Вось ужо пяць год я знаходжуся на заслужаным адпачынку. Але не парываю сувязей са сваімі былымі калегамі, з кім шмат год працавала, сябравала.
У юбілейны дзень нараджэння ў дом Тамары Фёдараўны наведаліся бібліятэкары Вера Арсаноф’еўна Мілянцей і Марына Генрыхаўна Сушко. Яны ад імя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” павіншавалі з Тамару Фёдараўну з такой знамянальнай датай у жыцці, уручылі падарункі, кветкі, выказалі шчырыя словы цёплых віншаванняў і пажаданняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.