
На комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы “Грыгараўшчына” ААТ “Агратэхсэрвіс” у цяперашні час утрымліваецца 1999 галоў. Абслугоўваюць жывёлу 12 чалавек (мужчыны і жанчыны). Акрамя іх тут яшчэ ёсць слесары, дзённыя і начныя вартаўнікі, механізатары і іншыя работнікі. Кантралюе ход рабочага працэсу загадчык Клаўдзія Пятроўна Бялевіч.
Станоўчых вынікаў у сваёй рабоце з году ў год дабіваецца жывёлавод Анжэла Сямёнава. Жанчына даглядае досыць вялікі гурт цялят, у якім утрымліваецца ажно 300 галоў.
— Напэўна, гэта вельмі складана даглядаць такую вялікую колькасць жывёлы? — спыталі мы ў Анжэлы.
— Канечне, ёсць свае некаторыя мінусы, як і ў любой справе, — адказала жанчына, — але я ўжо прывыкла да сваёй працы. З таго часу, як прыйшла сюды, мінула 23 гады. Таму навучылася спраўляцца з паўсядзённымі цяжкасцямі. Работу сваю я люблю, стараюся выконваць яе бездакорна, бо ад гэтага і прывагі жывёлы залежаць, і грашовы заробак.
Анжэла Аляксандраўна прыняла ўдзел у абласным форуме жывёлаводаў, які нядаўна прайшоў у Віцебску. За добрасумленную працу атрымала Ганаровую грамату абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, а таксама каштоўныя падарункі.
У межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” комплекс “Грыгараўшчына” наведалі вядучы спецыяліст ААТ “Агратэхсэрвіс” па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Яся Краснікава і лідар маладзёжнага крыла раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза жанчын Наталля Міласердава. Яны ўручылі Анжэле Сямёнавай грамату за подпісам кіраўніка гаспадаркі за шматгадовую добрасумленную працу, а таксама грашовую прэмію і падарунак, пажадалі жанчыне здароўя, высокіх вытворчых паказчыкаў у далейшым.
Сяргей РАЙЧОНАК.