Працаўнікі сяла. Даярка фермы Дубнічкі ААТ “Буеўшчына” — Алена Недзведзь

Сельское хозяйство

Зімовая раніца. Як толькі крыху развіднела, стала прачынацца вёска. Усю ноч ішоў снег і белай прасцінкай пакрыў наваколле, нават сцежка, якая вяла да дому Недзведзяў, зраўнялася з полем. Леанід Генрыхавіч узяў шуфель і стаў расчышчаць сцяжынку да гаспадарчых пабудоў. Тым часам Алена Вячаславаўна, як кажуць, на хуткую руку згатавала сняданак, паставіла яго на стол. Схапіла даёнку і хуткім крокам накіравалася да хлява, каб падаіць сваіх дзвюх буронак. Тут жа працадзіла сырадой і паставіла ў вядры на столік каля дарогі — забярэ малаказборшчык. Справіліся з мужам з астатняй хатняй гаспадаркай і абодва накіраваліся на ферму Дубнічкі ААТ “Буеўшчына”. Алена Вячаславаўна працуе там даяркай, а Леанід Генрыхавіч выконвае на трактары розныя транспартныя работы. Адлегласць да месца працы няблізкая, і жывёлаводаў выручаюць веласіпед, трактар. А ў заснежаную зіму, як сёлета, дабіраюцца пешшу. Два разы ў суткі трэба пабываць на ферме. І так кожны дзень, пачынаючы з 1997 года, яны крочаць адной і той жа сцяжынкай на працу. Алена Вячаславаўна доіць групу, дзе звыш 50 кароў, і столькі ж жывёлін у яе напарніцы Ларысы Кандрацьеўны Струй. Ферма старая і дойку праводзяць у бачкі. А. В. Недзведзь ведае сваю перспектыву: калі ўвойдзе ў строй малочнатаварная ферма Буеўшчына — там ёй месца даяркі забяспечана.

Трэба сказаць, што Алена Вячаславаўна — кваліфікаваны спецыяліст. У свой час яна закончыла Лужаснянкі саўгастэхнікум і два гады працавала спачатку экспедытарам, затым заатэхнікам. Аднак сямейныя абставіны прымусілі зняць з сябе вялікую адказнасць. Трэба было гадаваць дзетак. А іх у Недзведзяў трое. Цяпер сын Андрэй і дачка Людміла займаюцца ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце, прычым, на дзяржаўным бюджэце, адпаведна на трэцім і другім курсах. Малодшая Яна ходзіць у шосты клас Іёдскай дзіцячага сада сярэдняй школы.

— Мы рана ідзём на працу, а Яне прадастаўлена самастойнасць, — з гонарам расказвае маці. — Дзяўчынка сама збіраецца ў школу, не позніцца на аўтобус, які дастаўляе дзетак з вёсак у Іёды. І з урокамі спраўляецца сама.

Недзведзі ў 2008 годзе атрымалі ў вёсцы Буеўшчына “прэзідэнцкі” дом з усімі выгодамі. Маюць агарод і амаль гектар зямлі ў полі севазвароту.

— Лічу, што ў вёсцы можна жыць з дастаткам, калі працаваць. Да працы трэба прывучаць і дзяцей. Толькі тады яны зразумеюць, як нялёгка хлеб дастаецца, калі самі прыкладуць да гэтага рукі. І будуць старацца вучыцца, каб пасля, атрымаўшы адукацыю, стаць добрымі спецыялістамі, — падзялілася думкамі Алена Вячаславаўна. — Як заўсёды, на 8 сакавіка для мяне Яна рыхтуе ў школе вырабы, а старэйшыя дзеці прыдумваюць розныя сюрпрызы. Якія б яны ні былі, вельмі прыемна атрымліваць з рук любімых дзетак.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *