Прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый павіншавалі з юбілеем Надзею Мінаўну Новікаву

Общество

Прадстаўнікі раённай улады заўсёды з павагай і цеплынёй адносяцца да ветэранаў працы, да тых, хто зрабіў значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Шаркаўшчынскага раёна.
5 красавіка свой юбілей адзначыла жыхарка гарадскога пасёлка Надзея Мінаўна Новікава.
Нарадзілася і вырасла Надзея Мінаўна ў Шклоўскім раёне, што на Магілёўшчыне. Закончыла культасветвучылішча і ў 1952 годзе была накіравана на працу ў Шаркаўшчынскі раённы Дом культуры на пасаду дырэктара. Праз сем год Надзею Мінаўну выбралі сакратаром пасялковага Савета дэпутатаў. А ў 1966 годзе яна ўзначаліла аддзел ЗАГС раённага выканаўчага камітэта, дзе адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак у чэрвені 1987 года.
— Надзея Мінаўна працавала на вельмі адказным участку работы, не адзін дзясятак год займалася няпростай справай, якая патрабуе ад чалавека максімум увагі і прафесіяналізму, цярпення і жыццёвай мудрасці, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. — Вялікая колькасць сямейных пар удзячны гэтай жанчыне за яе працу.
Юрый Анатольевіч ўручыў Надзеі Мінаўне Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама, пажадаў ёй моцнага здароўя, бадзёрага настрою, сямейнага дабрабыту. Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Марына Крыштофаўна Каланда, якая зачытала Прывітальны адрас ад галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама ў сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння Надзеі Мінаўны і 105-годдзем органаў ЗАГС Рэспублікі Беларусь. Са словамі віншаванняў і найлепшых пажаданняў звярнулася таксама старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Генадзьеўна Міхалёнак.
Свой юбілейны дзень нараджэння Надзея Мінаўна сустракала ў выдатным настроі. Пражывае яна разам са сваёй дачкой Ганнай. Ёсць яшчэ двое сыноў, шэсць унукаў і чатыры праўнукі, якія наведалі імянінніцу, каб павіншаваць з адметнай датай у жыццёвым календары.
Сяргей РАЙЧОНАК.