Нашы жанчыны: старшая медыцынская сястра Вера Сіняўская

Актуальное

Дзень жанчын — свята ўсіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, узросту і месца работы. 8 Сакавіка ўсе жанчыны падобныя на першыя вясеннія кветкі — трапяткія, прыгожыя, у чаканні цяпла, пяшчоты і ўвагі. Гераіня дадзенага матэрыялу сёння таксама зусім іншая — не ў белым медыцынскім халаце, як прывыклі яе бачыць штодзень, а з букетам кветак, з таямнічым, загадкавым і такім жаноцкім позіркам, з мілай усмешкай, якая злёгку кранае яе вусны.

Вера Іванаўна Сіняўская і ў жыцці такая ж абаяльная, як і на здымку, лёгкая ў зносінах, прыцягальная многімі рысамі свайго характару. Працуе яна старшай медыцынскай сястрой у раённай паліклініцы. Як прызнаецца сама, прафесію сваю любіць, ды і выбрала яе невыпадкова — гэта была мара яшчэ з дзяцінства. Аб тым, што жыццёвая дарога выбрана правільна, яскрава сведчыць наступны факт — медыцыне яна аддала ўжо 26 гадоў і сёння бачыць сябе толькі ў гэтай справе. Не злічыць колькі за гэты час было зроблена ўколаў і працэдур, пастаўлена кропельніц, колькі пацыентаў, у прамым сэнсе, прайшло праз яе рукі! А ад таго, наколькі яны ўмелыя і спрактыкаваныя, а медыцынская сястрычка — спагадлівая і чулая, залежыць не толькі здароўе, але і настрой хворага чалавека. Нездарма кажуць, што добрае слова і шчырыя адносіны часам лечаць не горш за самыя дарагія лекі.

Вера Іванаўна — прафесіянал у сваёй справе, яна карыстаецца павагай і аўтарытэтам у калектыве і сярод наведвальнікаў лячэбнай установы. Зараз, на пасадзе старшай медыцынскай сястры, у яе крыху іншыя, чым раней, службовыя абавязкі. Іх яна выконвае гэтак жа добрасумленна і адказна, як і ва ўсе папярэднія гады сваёй працы. Яе прафесійная дзейнасць адзначана на ўзроўні раёна, але аб гэтым мы паведамім у адным з наступных нумароў газеты.

А зараз парадуемся вясне з яе нязменным абуджэннем прыроды, з першымі цёплымі сонечнымі промнямі і цудоўным святам прыгажосці і жаноцкасці. Напэўна, зусім невыпадкова 8 Сакавіка адзначаецца ў першыя вясеннія дні, бо разам з прыродай расцвітаюць нашы жанчыны — сонечныя, пяшчотныя, прыгожыя як сама вясна!

Людміла ЛАТЫШОНАК.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *