Мітынг і тэматычны вечар памяці, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, прайшлі ў Шаркаўшчыне

2022 — Год гістарычнай памяці

11 красавіка ў Беларусі і за яе межамі адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень мы ўшаноўваем і ўспамінаем людзей, якія прайшлі праз жудасныя выпрабаванні лагераў смерці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх было многа беларусаў, у тым ліку і жыхароў нашага раёна. Урачысты мітынг з удзелам кіраўніцтва райвыканкама, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, настаўнікаў і вучняў Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, спецыялістаў раённага Цэнтра культуры адбыўся ў гэты дзень ля помніка, усталяванага у знак памяці аб ахвярах-яўрэях, жыхарах Шаркаўшчыны і яе наваколля, якія былі забіты гітлераўскімі захопнікамі 12 чэрвеня 1942 года ў гарадскім пасёлку.
Працягам гэтага мерапрыемства стаў вечар памяці, які падрыхтавалі і правялі спецыялісты раённай бібліятэкі. Работнікі ўстановы культуры расказалі прысутным, колькі жудасных злачынстваў учынілі нямецка-фашысцкія захопнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна, які быў акупіраваны гітлераўцамі з 26 чэрвеня 1941 года па 1 ліпеня 1944 года. За гэты перыяд было знішчана больш за дзве тысячы мірных жыхароў. Для яўрэйскага насельніцтва карнікі арганізавалі гета ў Шаркаўшчыне, Германавічах, Лужках, Іёдах. Супрацьстаялі захопнікам партызанскія брыгады “Спартак”, “За Радзіму”, “Кастрычнік”, якія дыслацыраваліся у мясцовых лясах.
Шмат мірнага насельніцтва, асабліва моладзі была вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Настаўніца сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Марына Хахолка расказала пра жыццё сваёй бабулі Алены Цімафееўны Мяхедка, якой лёсам было наканавана трапіць ў 1943 годзе ў канцлагер Асвенцым, але застацца жывой.
Сяргей РАЙЧОНАК.