У рэшце рэшт ўмовы надвор’я дазволілі шаркаўшчынскім аграрыям распачаць вясеннюю пасяўную кампанію. І хоць зрэдку яшчэ па начах бывае невялікі мароз, гэта карэнным чынам не ўплывае негатыўна на ход палявых работ.
Па стане на 15 красавіка ў раёне пасеяна гектараў яравых зерневых культур. Актыўна ўключыліся ў сяўбу і хлебаробы ААТ “Княж”. Тут за зіму адрамантавалі машынна-трактарны парк, глебаапрацоўчыя агрэгаты, каб цяпер без прамаруджвання і прастою тэхнікі актыўна весці сяўбу.
У сярэдзіне тыдня мы пабывалі на палетках гэтага сельгаспрадпрыемства. На полі плошчай 64 гектары каля вёскі Жукі Ложныя вялі сяўбу аўсу механізатары Іван Грыгор’еў і Барыс Гушчынскі.
— Глеба ў гэтай мясцовасці дазваляе весці палявыя работы, — кажа кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда. — У свой час тут правялі меліярацыю, павялічылі контурнасць палёў. Механізатар Юрый Ліманоўскі ўносіць калійныя удабрэнні пад сяўбу. Падвоз зерня ажыццяўляе Сцяпан Канюшэўскі. За вёскай Каралева іншыя механізатары рыхтуюць глебу. На дадзены момант сяўбу вядуць два механізатары на трактарах “Беларус” МТЗ-1221 у счэпе з сеялкамі “Лемкен”. Дадаткова будуць яшчэ задзейнічаны пасяўны агрэгат АПП-6А і сеялка СЗТ-5,4. Усяго намі запланавана пасеяць каля 1300 га яравых культур. На некаторых участках вымерз азімы рапс, таму будзем павялічваць плошчы яравога. У дастатковай колькасці маем мінеральных удабрэнняў. Прастою тэхнікі ў нас няма. Спадзяёмся, што ўмовы надвор’я дазволяць своечасова завяршыць пасяўную кампанію.
Сяргей РАЙЧОНАК.
