
У мінулым годзе на старонках нашай газеты паведамлялася пра дастойны ўдзел і занятае другое месца на дзясятым міжнародным конкурсе салістаў-баяністаў музычных школ “Науене-2012” г. Даўгаўпілс (Латвія) вучаніцай 7 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1 Дашай Седзюкевіч.
Дзяўчынка пяты год займаецца ў раённай дзіцячай школе мастацтваў па класу баяна пад кіраўніцтвам вопытнага выкладчыка Эмы Пятроўны Шудзель. Акрамя гэтага, Даша ў 2011 і 2012 гадах прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча.
— За час вучобы ў школе мастацтваў Даша паказвае выдатныя вынікі, — кажа дырэктар установы Жанна Леанідаўна Русак. — Добрасумленна адносіцца да вучобы. Музыкай займаецца з вялікай цікавасцю і жаданнем. У 2012 годзе ёй уручана прэмія раённага выканаўчага камітэта як выдатніцы вучобы. А сёлета Даша Седзюкевіч узнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй па падтрымцы таленавітай моладзі Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.
Новых перамог табе, Дар’я! Так трымаць!
Сяргей РАЙЧОНАК.
