СУСТРЭЧА З ЦУДОЎНАЙ ЖАНЧЫНАЙ

Общество

Як імкліва бяжыць час! Здаецца толькі ўчора  лёс прыпаднёс мне падарунак у выглядзе сустрэчы з цудоўнай жанчынай – Ірэнай Канстанцінаўнай Руткоўскай, а сёння мае калегі віншуюць яе з 75-годдзем.

Ірэна Канстанцінаўна нарадзілася ў вёсцы Глінаўка. Яе працоўная дзейнасць пачалася адразу пасля заканчэння Германавіцкай сярэдняй школы. Дзе толькі не прыйшлося ёй папрацаваць, але крыху паразважаўшы, Ірына Канстанцінаўна вырашыла звязаць сваё жыццё з кнігай. Яе працавітасць і адданасць прафесіі бібліятэкара служыла нам прыкладам. Працуючы рэдактарам методыка-бібліяграфічнага аддзела раённай бібліятэкі, бібліятэкарам дзіцячай бібліятэкі  і бібліятэкарам аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры, яна не толькі ахвотна дзялілася сваім  прафесійным вопытам і ведамі, але і давала нам, маладым гаспадыням, парады па вядзенню хатняй гаспадаркі, дзялілася сакрэтамі прыгатавання смачных страў, цікавілася поспехамі нашых дзетак.

Падчас сустрэчы з нагоды 75-гадовага юбілею да І. К. Руткоўскай наведаліся прадстаўнікі Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы: старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вера Мілянцей і старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання ”Беларускі саюз жанчын“ Таццяна Брандзіна, якія павіншавалі юбілярку са значнай датай у жыцці, уручылі ёй памятны падарунак, кветкі і выказалі шмат цёплых слоў і пажаданняў крэпкага здароўя і доўгіх год жыцця.

Прыгадваючы старонкі перажытага Ірэна Канстанцінаўна зазначыла, што жыццё пражыта недарэмна. Яна шчаслівая маці і бабуля, бо лёс падарыў ёй паслухмяных сыноў і ўнукаў, Бог надзяліў крэпкім здароўем. Разам з мужам яны вядуць хатнюю гаспадарку, плануюць завяршыць рамонт у доме і радуюцца кожнаму пражытаму дню.

 

Марыя Сушко, бібліятэкар

аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК ”Шаркаўшчынская ЦБС