Памяць воінаў Чырвонай арміі, партызан і мірных жыхыроў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечана ў мемарыялах, стэлах і абелісках, размешчаных у розных населеных пунктах нашай Беларусі.
Сёлета, як і кожную вясну, 27 красавіка, недалёка ад адміністрацыйнага будынка саўгаса ”Гарадзец“, на цэнтральнай плошчы аднайменнай вёскі, на магіле, дзе ўзвышаецца стэла і два сціплых абеліскі з чырвонымі зоркамі, сабраліся аднавяскоўцы, каб ўшанаваць памяць мужнай патрыёткі Настассі Давыдаўны Бельскай і дзевяці савецкіх ваеннапалонных, растраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Патрыятычная акцыя ”Жывыя аб мёртвых хвіліну маўчаць“ па ўшанаванні памяці аб загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця прайшла з удзелам грамадскасці, вучняў і настаўнікаў Лужкаўскай сярэдняй школы, протаіерэя, настаяцеля храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў аг. Лужкі Мікалая Гуцко.
Са словамі вялікай павагі, удзячнасці і смутку аб загінуўшых да прысутных звярнуліся старшыня Лужкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Мікалаеўна Краснадубская, настаўніца гісторыі Таццяна Ананьеўна Эйтміновіч, протаіерэй Мікалай Гуцко. Бібліятэкарамі Лужкаўскай бібліятэкі асобна быў падрыхтаваны матэрыял для азнаямлення з жыццём адважнай разведчыцы, сувязной партызанкі Анастасіі Бельскай, дзе змяшчаўся аповед аб цяжкіх ваенных выпрабаваннях, выпаўшых на яе лёс і смелым подзвігу мужнай беларускай дзяўчыны ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Менавіта 27 красавіка 1944 года на гэтай вясковай плошчы каля былой графскай сядзібы абарвалася яе жыццё. Выконваючы чарговае заданне па разведванню баявых пазіцый ворага, дзяўчына натрапіла на варожую засаду. Цяжка параненую патрыётку гітлераўцы захапілі ў палон і пасля жорсткіх допытаў, катаванняў, не атрымаўшы важных звестак аб знаходжанні партызанскага атрада і мэты баявога задання, расстралялі яе. Толькі дваццаць адну вясну адлічыў лёс адважнай разведчыцы, маладой дзяўчыне з невялікай беларускай вёскі Арэхава, што на Полаччыне. Насця вельмі любіла жыццё і бязмежна радавалася яму, а яшчэ яна самааддана любіла сваю Айчыну, сваіх родных і блізкіх…
У гонар вернай дачкі беларускага народа і дзевяці савецкіх ваеннапалонных, закатаваных фашыстамі ў гады вайны, адбыўся малебен і як сімвал вечнага жыцця пасаджаны вакол захавання кусты туі, з удзячнасцю ўскладзены да падножжа помніка букеты жывых кветак.
Вечная памяць героям!
Л.А. Гугалінская, бібліятэкар
Лужкаўскай сельскай бібліятэкі