У межах сумеснага супрацоўніцтва Шаркаўшчынскую СШ № 1 наведалі прадстаўнікі Рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Рух наперад моладзі»

2022 — Год гістарычнай памяці Общество

У мінулым годзе паміж Шаркаўшчынскай сярэдняй школай № 1 і рэспубліканскім творчым маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “Рух наперад моладзі” г. Мінск было падпісана пагадненне аб сумесным супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і культуры.
У канцы красавіка кіраўніцтва і прадстаўнікі аб’яднання прыязджалі ў Шаркаўшчыну з сяброўскім візітам. Сярод іх былі кіраўнік аб’яднання Андрэй Мяхедка, тэлевядучая беларускага тэлебачання Вікторыя Мяхедка, а таксама кіраўнік маладзёжнага спартыўнага грамадскага аб’яднання “Школа мужнасці”, старшыня Беларускага саюза Кіакушынкай каратэ Максім Мяхедка.
У Шаркаўшчыне пражываюць родныя Максіма і Андрэя. Гэта былая настаўніца Шаркаўшчынскай СШ № 1 Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская і яе дачка Марына Станіславаўна Хахолка, якая працуе ў гэтай жа школе.
Сталічных гасцей сустракалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, дырэктар навучальнай установы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак, а таксама педагогі і вучні школы.
У 2002 годзе ў школе адчыніла свае дзверы тэатральная гасцёўня. З таго часу тут праводзяцца цікавыя тэатральныя пастаноўкі, гучыць класічная музыка айчынных і замежных кампазітараў. Вось і цяпер Марына Станіславаўна Хахолка разам з вучаніцамі праспявалі раманс “Прекрасная дама” на музыку Эдуарда Ханка і словы Ларысы Рубальскай. Потым настаўніца грамадазнаўства Аксана Анатольеўна Бабоўская падрабязна расказала пра гісторыю стварэння Шаркаўшчыны і пра нашых славутых землякоў.
У другой частцы праграмы настаўнікі і вучні падрыхтавалі ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Году гістарычнай памяці, на якім гучалі патрыятычныя песні, вершы беларускіх паэтаў. У сваю чаргу ўдзельнікі маладзёжнага спартыўнага грамадскага аб’яднання “Школа мужнасці” арганізавалі паказальныя выступленні. Шаркаўчане з цікавасцю назіралі за юнымі каратыстамі.
Закончылася праграма квэстам “Разведчык”, у ходзе якога каманды вучняў выконвалі заданні арганізатараў па пошуку розных прадметаў, загадзя схаваных у патаемных месцах школы.
— Гэта наша першая сустрэча ў межах падпісанага пагаднення аб супрацоўніцтве, — сказала Ірына Рычардаўна. — Будзем працягваць сяброўства і строіць новыя планы.
Сяргей РАЙЧОНАК.