
У прыватнасці, на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі праца такіх механізатараў, як Сяргей Яльчанінаў, Сяргей Балай, Іван Сямёнаў.

Сорак два гады працоўнага стажу за плячамі Сяргея Яльчанінава. Мужчына жыў і працаваў у сельскай гаспадарцы на Пастаўшчыне. Па волі лёсу ў 2017 годзе пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Шаркаўшчыну. На сваім трактары “Беларус” МТЗ-82 працуе з 2019 года. Як сказаў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак, Сяргею можна даручыць любую справу. Ён займаецца транспартнымі работамі, рулоніць сена і салому з дапамогай прэс-падборшчыка, падсяваў шматгадовыя травы. У час вясенняй пасяўной механізатар заняты на ўнясенні мінеральных удабрэнняў пад сяўбу яравых зерневых культур. Па стане на 28 красавіка механізатар унёс мінеральныя тукі на плошчы 488 гектараў.

Выдатнымі чалавечымі і працоўнымі якасцямі валодае механізатар Сяргей Балай. Чалавек гэты заўсёды з усмешкай на твары, у добрым настроі. Любую справу выконвае на “выдатна”. Мужчына працуе на трактары “Беларус” МТЗ-3022. Дарэчы, у летні і асенні перыяд Сяргей працуе ў счэпе з прэс-падборшчыкам, нарыхтоўвае корм жывёле ў стрэйч-плёнку. Таксама дапамагае і іншым гаспадаркам. У мінулым годзе механізатар за высокія працоўныя паказчыкі быў заахвочаны паездкай на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі—2021” у Шуміліна. Там яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Зімой Сяргей Балай займаўся рамонтам свайго “сталёвага каня” і дыскатара. Цяпер жа на пасяўной механізатар займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Ён падрыхтаваў амаль 400 гектараў глебы пад сяўбу.
У працоўным тандэме з Сяргеем працуе Іван Сямёнаў. На розных марках і мадыфікацыях трактароў працаваў Іван. Сёлета кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даручыла яму магутны “Кіравец” К-744. Загадзя падрыхтаваўшы трактар да выхаду ў поле, Іван цяпер мае дастойны вынік у працы. На 28 красавіка ў счэпе з культыватарам “Кёрлінг” механізатар падрыхтаваў да сяўбы 593 гектары глебы. А гэта лепшы паказчык у раёне. Улетку, як саспее збажына, хлебароб сядзе за штурвал свайго камбайна КЗС-1218, будзе разам з іншымі ўбіраць зерне, каб накарміць беларусаў хлебам.
— Вось такімі працаўнікамі я ганаруся, — упэўненым голасам сказаў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак. — Ведаеце, у нас многа сумленных работнікаў ва ўсіх галінах. Галоўнае, іх заўважыць, заахвоціць і матэрыяльна, і маральна.
Сяргей РАЙЧОНАК.