15 сакавіка прайшло ўшанаванне лаўрэатаў звання «Чалавек года Шаркаўшчыны» (абноўлена)

Актуальное

15 сакавіка ў РДК прайшло маштабнае мерапрыемства раённага ўзроўню — ушанаванне лаўрэатаў звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Сімвалічна, што на адкрыцці ўрачыстасці прагучаў Дзяржаўны гімн, затым прысутныя пачулі песню “Шаркаўшчынскі край”.

— Ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны” атрымалі лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, — такімі былі словы вядучых. — Гэтыя людзі заслужылі павагу і гонар сваімі працоўнымі дасягненнямі, адносінамі да даручанай справы. На іх могуць раўняцца іншыя.

Затым слова прадставілі старшыні раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговічу:

—    Вітаю жыхароў Шаркаўшчыны і гасцей раёна на гэтым выдатным свяце, дзе ўшаноўваюцца людзі працы. У раёне праводзіцца шмат святаў і мерапрыемстваў, на якіх адзначаюцца працоўныя дасягненні людзей, а вось “Чалавек года Шаркаўшчыны” праходзіць упершыню.

Мікалай Ірынархавіч выказаў спадзяванні, што ўзгаданае свята стане традыцыйным на Шаркаўшчынскай зямлі. Кіраўнік раёна павіншаваў прысутных з Днём канстытуцыі, адзначыўшы, што падчас урачыстасці маладым людзям будзе ўручаны пашпарт — галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Ірынархавіч адзначыў, што 2012 год выдаўся напружаным. Давялося шмат папрацаваць, і вынікі гавораць самі за сябе. На 16 працэнтаў павялічыўся валавы збор зерневых, на 10 працэнтаў выраслі надоі малака. Праведзена рэканструкцыя малочнатаварных ферм, уведзена ў эксплуатацыю звыш 2 тысяч квадратных метраў жылля, пачала працаваць новая цэнтральная раённая бальніца. У апошнія гады ў рэгіёне назіраецца павелічэнне нараджальнасці і змяншэнне смяротнасці. Актыўна вядзецца рэканструкцыя гандлёвай сеткі райспажыўтаварыства. Прадстаўнікі раёна паказваюць нядрэнныя вынікі ў спартыўнай і культурнай сферах. У 2012 годзе 45 працэнтаў выпускнікоў школ паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Па словах кіраўніка раёна, поспех — гэта 99 працэнтаў працы і 1 працэнт таленту. За поспехамі вучняў стаяць іх бацькі і настаўнікі.

Шаркаўшчынскі край дынамічна развіваецца. Значны ўклад у фарміраванне дабрабыту рэгіёну ўнеслі 15 працаўнікоў розных сфер, якія сталі лаўрэатамі звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Затым вядучыя запрашалі на сцэну лаўрэатаў, расказваючы пра кожнага чалавека (усё суправаджалася кароценькімі відэафільмамі аб працоўных буднях гэтых людзей). Мікалай Ірынархавіч павіншаваў кожнага лаўрэата, уручыў адпаведны нагрудны знак, дыплом і грашовую прэмію.

Са словамі віншаваннямі да лаўрэатаў звярнуўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар прадпрыемства “Марка” М. В. Мартынаў, які з’яўляецца адказным ад Віцебскага аблвыканкама за Шаркаўшчынскі раён. Мікалай Васільевіч уручыў уладальнікам ганаровага звання падарункі — наручныя гадзіннікі і сертыфікаты на абутак.

У межах акцыі “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь” юныя шаркаўчане атрымалі пашпарты, якія ім уручылі М. І. Баговіч і старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Т. Г. Марозава.

У нашым раёне стала добрай традыцыяй узнагароджанне лепшых вучняў школ. Маладыя людзі, якія атрымалі званне “Вучань года” былі адзначаны падзякай раённага выканаўчага камітэта з уручэннем грашовай прэміі. Іх бацькі атрымалі падзякі за выхаванне дзяцей. Ад імя вучняў выступіў адзінаццацікласнік СШ № 1 Андрэй Стральчонак. Хлопец падзякаваў раённай уладзе, а таксама педагогам і бацькам за клопат. Андрэй паабяцаў, што лаўрэаты звання “Вучань года” будуць і далей радаваць усіх сваімі поспехамі ў вучобе.

Далей прысутным стваралі святочны настрой культработнікі раёна і самадзейныя артысты, якія падрыхтавалі арыгінальную канцэртную праграму, насычаную разнастайнымі нумарамі.

Аляксандр БАРЫЛА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.

[nggallery id=26]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *