“Урок Памяці” прайшоў у Більдзюжскай сярэдняй школе

Патрыятычнае выхаванне

вучні Більдзюжскай СШ Алена Шэлдунова, Яраслаў Карсюкевіч і Вікторыя Пашкоўская

З мэтай патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, выхавання ў школьнікаў пачуцця павагі да Бацькаўшчыны, памяці пра абаронцаў Айчыны паўсюдна ў навучальных установах краіны праходзяць класныя гадзіны на тэму “Урок Памяці”.
Такое ж мерапрыемства прайшло і ў Більдзюжскай сярэдняй школе, на якое быў запрошаны намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі.
— Сёння вельмі важна, каб усе беларусы, асабліва дзеці і падлеткі, яскрава ўсведамлялі для сябе, што азначаюць такія паняцці, як Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына, — сказаў, звяртаючыся да вучняў, Юрый Анатольевіч. — Гэта словы-сінонімы, іх нельга раздзяліць. Так і нашу краіну, яе мінулае, яе гісторыю нельга перакрэсліць, перапісаць нанова. Канечне, у цяперашні час у замежных краінах робяцца такія спробы, але мы павінны ведаць, якой цаной у далёкім 1945 годзе была заваявана перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Нашы дзяды і прадзеды потам і крывёй адстойвалі мір і свабоду на сваёй роднай зямлі. Кожны трэці беларус, на жаль, загінуў на той вайне, каб зберагчы светлае будучае для нас з вамі.
Вучням, якім споўнілася 14 год, прадстаўнікі ўлады або кіраўніцтва школы ва ўрачыстай атмасферы ўручаюць кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь!”. Юрый Анатольевіч выканаў гэту ганаровую місію і ўручыў кнігі вучням Більдзюжскай СШ — Алене Шэлдуновай, Яраславу Карсюкевічу і Вікторыі Пашкевіч. Дарэчы, зусім нядаўна Алена Шэлдунова стала грамадзянкай нашай краіны. У 2014 годзе яна разам са сваімі бацькамі пераехала з Украіны ў Беларусь з-за баявых дзеянняў, якія там пачаліся. Цяпер наша краіна стала другой радзімай для сям’і Шэлдуновых.
Юрый Анатольевіч пажадаў вучням, каб яны былі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, паспяхова вучыліся, карыснымі справамі і добрымі ўчынкамі радавалі сваіх бацькоў і настаўнікаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.