У некалі вялікай вёсцы Курылавічы цяпер пражываюць толькі шэсць чалавек. Моладзь паехала жыць у гарады, а пажылыя, на жаль, адыходзяць у вечнасць. Сярод тых, хто застаўся ў Курылавічах, Алег Уладзіміравіч Ардынскі. Нядаўна ён адзначыў 80-годдзе з дня свайго нараджэння. Гэта стала прыемнай нагодай наведаць юбіляра, распытаць пра яго лёс.
— Нарадзіўся я ў вёсцы Дубавое, непадалёк ад Шаркаўшчыны, — расказвае суразмоўца. — Вельмі цяжка ўспамінаць наша пасляваеннае гаротнае дзяцінства. Тата мой страціў на вайне руку, стаў інвалідам. Нас, дзяцей, у сям’і было чацвёра. Вопраткі не хапала, харчаванне было дрэнным. Асабліва мне не падабаўся суп з лебяды. Але, што ж, такі быў час, выбіраць не прыходзілася.
Ужо ў пяцігадовым узросце Алег Уладзіміравіч пайшоў пасвіць кароў, каб зарабіць на кавалак хлеба. Бацькі адправілі яго спасцігаць грамату ў школу, якая размяшчалася ў вёсцы Гарбуны. Там ён скончыў 4 класы, потым вучыўся ў Шаркаўшчыне. Дабіраўся з Дубавога ў школу кожны дзень пешшу: і ў спёку, і ў дождж, і ў мароз. Пасля заканчэння сямі класаў ён пайшоў працаваць у калгас прычэпшчыкам на гусенічны трактар ДТ-54.
— Бацькі настойвалі, каб я пайшоў далей вучыцца, я таксама гэтага хацеў, — прадаўжае Алег Уладзіміравіч. — Таму паехаў у Відзы, там атрымаў пасведчанне механіка. Вярнуўшыся дамоў, працаваў у калгасе імя Жданава. Мне даручылі трактар, які не меў кабіны. Працаваў разам з іншымі, стараўся зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку. Праз некаторы час атрымаў новы гусенічны трактар ДТ-74, але папрацаваць на ім мне доўга не прыйшлося, бо забралі на праходжанне тэрміновай вайсковай службы. Было гэта ў 1961 годзе. У армію мяне праводзіла мая каханая дзяўчына Галіна, якая дачакалася майго вяртання і з якой мы ў 1964 годзе звязалі свае лёсы. Праз год у сям’і нарадзіўся першынец — сын Валерый, а ў 1966 годзе — сын Сяргей. У тым жа годзе мы купілі дом у Курылавічах. Працаваў я загадчыкам механічных майстэрань, токарам, механізатарам. У 1979 годзе адбылося аб’яднанне калгасаў імя Жданава і “Шлях Леніна”, таму што праз раку Дзісну пабудавалі мост, які і злучыў дзве гаспадаркі ў адну. У тым жа годзе ў нашай сям’і нарадзілася дачушка Вольга.
Некалькі год таму не стала маёй жонкі Галіны. Жыву цяпер адзін. Добра, што ў гэтай жа вёсцы са сваёй сям’ёй пражывае сын Валерый. Непадалёк, у аграгарадку Васюкі, жыве дачка. Амаль кожны дзень яны праведваюць мяне, цікавяцца станам здароўя, дапамагаюць займацца хатнімі справамі. Цяпер маю трох унукаў і двух праўнукаў, якія заўсёды вельмі жаданыя госці ў маім доме. Лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам, бо заўсёды побач родныя людзі.
Сяргей РАЙЧОНАК.