У КУВСП «Гарадзец» завяршылі пасяўную кампанію

Сельское хозяйство

Перадавікі пасяўной — Іван Кірсанаў і Юрый Урублеўскі

У раёне па стане на 6 мая аграрыі засеялі яравы клін зерневых культур на плошчы 6139 гектараў, што складае 89 працэнтаў да планавага задання. А вось хлебаробы КУВСП “Гарадзец” завяршылі гэты від палявых работ 4 мая. Лужкаўскія сейбіты загарнулі ў глебу насенне зарневых на плошчы 1011 гектараў.
Як і ў мінулыя гады, у гэтай гаспадарцы пачынаюць пасяўную кампанію ранней, чым у іншых сельгаспрадпрыемствах. Землі тут пясчаныя, лёгкія, што і дазваляе хуткімі тэмпамі правесці сяўбу. У адзін з дзён мы наведалі гаспадарку, каб пацікавіцца ходам палявых работ. Асноўная колькасць тэхнікі была сканцэнтравана на палетках каля вёскі Красная Гара.

механізатар Юрый Леановіч

Разам з вядучым спецыялістам па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Наталляй Катушонак мы разам рушылі на аўтамабілі да сейбітаў. Механізатар Юрый Леановіч некаторы час быў заняты на вясеннім ворыве. І хоць трактар у яго не энерганасычаны, ён змог узараць 96 гектараў пашы. Цяпер Юрый заняты на падкормцы азімых культур. Наталля Віктараўна ад імя кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта гаспадаркі павіншавала Юрыя Сцяпанавіча з працоўнымі дасягненнямі, уручыла падарунак. Непадалёк працавалі механізатары Юрый Урублеўскі і Іван Кірсанаў. Мужчыны таксама займаюць лідзіруючыя пазіцыі на вясенняй пасяўной. Юрый Часлававіч на энерганасычаным трактары “Кіравец” К-744 у счэпе з культыватарам падрыхтаваў пад сяўбу 612 гектараў глебы. А Іван Ананьевіч на трактары “Беларус” МТЗ-82 з сеялкай СЗТ-5,4 пасеяў 443 гектары зерневых і зернебабовых культур. Гэтыя механізатары заўсёды знаходзяцца на лідзіруючых пазіцыях і на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі. Наталля Віктараўна павіншавала іх, падзякавала за сумленную працу і ўручыла падарункі.
Юрый Папковіч мае невялікі механізатарскі стаж. Спачатку ён працаваў у гаспадарцы электрагазазваршчыкам, а зусім нядаўна змяніў прафесію. Цяпер ён працуе на трактары “Беларус” МТЗ-82. Падчас вясенняй пасяўной Юрый займаецца ўнясеннем мінеральных удабрэнняў. Яго імя неаднаразова змяшчалася на старонках раённай газеты, бо мужчына з’яўляецца адным з лідараў на вясенняй пасяўной кампаніі.
— Цяжка выдзеліць каго-небудзь асобна, — кажа Наталля Віктараўна, — бо усе механізатары, паляводы заслугоўваюць слоў удзячнасці за сваю работу.
Вядомая ісціна: як падсілкуешся, так і папрацуеш. Прыгатаваннем страў у сталовай гаспадаркі ўжо не першы год займаецца повар Ірына Бягун. Яшчэ ніколі ніхто з тых работнікаў, якія тут харчуюцца, не застаўся незадаволены яе стравамі. Між іншым, Ірына працуе адна, пакуль што памочніка ў яе няма. У перыяд пасяўной кампаніі ў дзень трэба прыгатаваць каля сарака порцый. Для тых, хто працуе ў полі, і для тых, хто прыходзіць абедаць у сталовую. Да таго ж жанчына яшчэ з’яўляецца спецыялістам па ахове працы ў сельгаспрадпрыемстве. Вось так паспявае сумяшчаць дзве прафесіі.
Неўзабаве пасля поўнага завяршэння вясенняй пасяўной мы прыступім да корманарыхтоўчых работ. Тэхніка для сенакашэння амаль уся спраўная, настрой у работнікаў бадзёры. А справа ў нас, у “Гарадцы”, заўсёды спорыцца.
Сяргей РАЙЧОНАК.