Масленіца ў Шаркаўшчыне

Актуальное

Традыцыйнае народнае гулянне Масленіца прайшло ў раённым цэнтры ў мінулую нядзелю. А дванаццатай гадзіне на плошчы каля гасцініцы прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў гарадскога пасёлка і раёна, святочна ўбранай калонай пад музыку і песні, дружна рушылі да галоўнага месца правядзення сустрэчы вясны — плошчы РДК. К гэтаму часу тут ужо было сабраўшыся досыць люду, працавалі гандлёвыя рады, праводзіліся гульні і конкурсы.

Па-гасціннаму ветліва запрашаў да сябе кожны падворак адведаць смачных бліноў, розных мучных прысмакаў, гарачай гарбаты на травах. Таму і чэргі з жадаючых пачаставацца выстраіваліся доўгімі. Затым гаспадары падворкаў па чарзе са сцэны “абаранялі” свае масленічныя ласункі. Хто ў песеннай форме, хто частушкамі, хто міні-тэатралізацыяй. Усё гэта вымушала журы конкурсу аб’ектыўна падыходзіць да ацэнкі ўдзельнікаў. У выніку ніхто не застаўся не заўважаны, усе атрымалі прызы.

Намінацыі “Самы вялікі блін” удастоіліся прадстаўнікі падворка КУВСП імя Маркава. “Самы арыгінальны блін” раздзялілі падворкі ДБУ-26, ААТ “Васюкі”, Германавіцкага сельсавета, ПМС, ЦРБ, Белаграпрамбанка, ДРБУ-131, ТЦСАН. Падворкі СШ № 2, Беларусбанка, ААТ “Даватарскі” і Більдзюжскага сельсавета адзначыліся намінацыяй “Блін-сувенір”. А “Самы смачны блін” аказаўся на падворках Лужкаўскага сельсавета, райспажыўтаварыства, СШ № 1, ААТ “Агратэхсэрвіс”, РУПС і РУЭС. Кожны з іх атрымаў узнагароды. Некаторым дасталіся сертыфікаты на наведванне водалячэбніцы ў раённай паліклініцы, камусьці — сертыфікаты на набыццё абутку ў краме “РОКС” па зніжаным кошце, ці на паслугі цырульніка ў гандлёвым доме “Мегатоп”. Некаму пашчасціла атрымаць сертыфікаты на мяшкі з драўняным вуглём, ці бясплатныя білеты на першакрасавіцкі канцэрт у РДК. Вось такі арыгінальны падыход да правядзення свята быў з боку яго арганізатараў і спонсараў.

Масленічнае гулянне прадоўжылася канцэртам калектываў мастацкай самадзейнасці клубных устаноў раёна. Гарадская дзятва каталася на санях, кіраваў якімі Уладзімір Пяткевіч, прыехаўшы на сваім убраным кані ажно з Балтрамей. Работнікі райспажыўтаварыства частавалі салдацкай кашай, гарбатай, шашлыкамі.

Перадаўшы свае паўнамоцтвы Вясне, Зіма загадала спаліць чучала Масленіцы, тым самым азнаменаваўшы прыход цяпла і абуджэнне прыроды. Такой тэатралізацыяй закончылася народнае гулянне.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.

[nggallery id=27]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *