Талент сапраўднага кіраўніка мае Алег Вячаслававіч Ліпскі

Сельское хозяйство

На пачатку сакавіка ў сельгаспрадпрыемствах раёна прайшлі выніковыя справаздачна-выбарныя сходы. Прайшоў ён у гэты дзень і ў ААТ “Ельня-Агра”. Былі заслуханы даклады дырэктара гаспадаркі Міхаіла Мікалаевіча Якімовіча і спецыялістаў па розных накірунках дзейнасці акцыянернага таварыства. Акрэслены планы і пастаўлены канкрэтныя задачы як перад работнікамі, так і перад кіруючым звяном сельгаспрадпрыемства на 2013 год.

Больш за два дзесяцігоддзі прысвяціў працы ў гэтай гаспадарцы Алег Вячаслававіч Ліпскі. Кіраўнік, які праяўляе належную прынцыповасць і справядлівую патрабавальнасць да падначаленых. Праца на зямлі ніколі не была лёгкай. Ды і жыццёвы шлях гэтага паважанага ў раёне чалавека быў насычаны турботамі і клопатамі, дасягненнямі і перамогамі.

—    Нарадзіўся я ў 1943 годзе ў вёсцы Радзькі Ручайскага сельсавета, — расказвае Алег Вячаслававіч. — Закончыўшы Шаркаўшчынскую школу, з 1960 па 1961 гады набываў прафесію трактарыста ў Пастаўскім рамесным вучылішчы па механізацыі сельскай гаспадаркі. Атрымаўшы пасведчанне, пачаў працоўны шлях у калгасе “Маяк” на трактары МТЗ-2. Затым былі тры гады службы ў Савецкай арміі, у пагранічных войсках. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся шафёрам у родную гаспадарку. Кіраўніцтва калгаса вылучыла мяне на пасаду камсамольскага арганізатара. А праз некаторы час райкам партыі накіраваў на вучобу ў Магілёўскую савецкую партыйную школу пры ЦК КПБ. Атрымаўшы адукацыю, у 1970 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні калгаса “Маяк”. Гэту ж пасаду займаў на працягу дзевяці год пры пераводзе ў калгас “1-е Мая” (зараз ААТ “Буеўшчына”). Пасля ўзначальваў Іёдскі сельскі Савет. 13 снежня 1981 г. кіраўніцтва раёна назначыла мяне на пасаду старшыні калгаса імя Калініна (зараз ААТ “Ельня-Агра”). Дзевяць год з’яўляўся кіраўніком Германавіцкага сельсавета. Затым ізноў узначальваў калгас імя Калініна. І дапрацаваў на гэтай пасадзе да пенсійнага ўзросту.

У той святочны дзень павіншаваць Алега Вячаслававіча з юбілеем прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Валянціна Аляксееўна Лось. Яны ўручылі Падзяку ад старшыні райвыканкама і кветкі. Свае віншаванні даслаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Віктаравіч Морхат.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *