Валянціна Аркадзьеўна Пузырэўская працуе аператарам машыннага даення на МТФ “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс” на працягу васямнаццаці год. Любіць сваю справу і лічыць яе вельмі карыснай для грамадства.
— Я мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Казакі, а цяпер пражываю ў аграгарадку Наваселле, — кажа Валянціна Аркадзьеўна. — Пасля заканчэння школы пайшла працаваць у калгас, у жывёлагадоўлю. Некаторы час жыла ў вёсцы Лучай, што на Пастаўшчыне. Па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму, уладкавалася на мясцовую ферму даяркай, аб чым ніколі не пашкадавала. Канечне, праца складаная, але я ўжо прывыкла, тым больш, што маю 25-гадовы стаж у жывёлагадоўлі. У маім гурце налічваецца 56 кароў і да кожнай трэба знайсці свой падыход, праявіць ласку, каб мець больш малака. Цяпер за суткі я надойваю больш за 400 кілаграмаў малака, але будзе больш, бо яшчэ не ўсе каровы расцяліліся.
Дома разам з мужам Славамірам трымаем гаспадарку, у якой, акрамя іншых жывёл, ёсць тры каровы. Заробкі ў сельгаспрадпрыемстве добрыя, але і дадатковы фінансавы прыбытак не будзе лішнім. Трэба дапамагаць дзецям, а іх у нас чацвёра, маем шэсць унукаў.
29 красавіка Валянціна Аркадзьеўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння. На свята да яе завіталі ўсе родныя, блізкія сэрцу людзі, каб павіншаваць з адметнай датай у жыцці.
— На такіх працаўнікоў трэба і іншым раўняцца, — з упэўненасцю сказаў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Барысавіч Кавалёнак. — Валянціна Аркадзьеўна з’яўляецца прыкладам сумленнага работніка.
Сяргей РАЙЧОНАК.