Выязны семінар работнікаў устаноў культуры раёна

Актуальное

на сцэне “Лужкаўскія песняры”

Бяры ад працы лепшае. Такую назву насіў выязны семінар работнікаў устаноў культуры раёна, што адбыўся 28 лютага. Арганізатарам яго выступіў метадычны цэнтр народнай творчасці (дырэктар А. П. Сініца). Мэта правядзення — азнаямленне з напрамкамі работы новых тыпаў устаноў культуры ў аграгарадках.

Першым прыпынкам стаў Германавіцкі музей культуры і быту. Тут для ўдзельнікаў семінара была праведзена змястоўная экскурсія дырэктарам установы Людмілай Казіміраўнай Навіцкай. Некаторыя з прысутных (маладыя спецыялісты) былі ў Германавіцкім музеі ўпершыню.

Затым наведалі Германавіцкі Цэнтр культуры і народных традыцый. Дырэктар ЦКіНТ Вольга Іванаўна Сташкевіч падрабязна расказала аб рабоце клубнай установы, асноўных накірунках дзейнасці, правяла міні-экскурсію па рабочых кабінетах, залах, прадэманстравала вынікі работы гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта — экібаны, вышыванкі, карціны.

Ірына Віктараўна Абламава, загадчыца бібліятэкі-філіяла, якая ўваходзіць у састаў Цэнтра культуры, азнаёміла ўдзельнікаў семінара з напрамкамі дзейнасці бібліятэкі на сучасным этапе. У прыватнасці, гэта магчымасць доступу да сеткі Інтэрнэт. Паслуга платная, але карыстаецца попытам сярод наведвальнікаў. Да іх патрэб аформлены тэматычныя паліцы з літаратурай па прававой, гістарычнай, сямейнай тэматыцы. Паліца “Беларусь сёння” прапануе чытачам змястоўную інфармацыю аб жыцці краіны і рэгіёну.

удзельнікі семінара знаёмяцца з работамі гурткоў Верацееўскага ЦКіА

Канечным прыпынкам стаў Верацееўскі Цэнтр культуры і адпачынку. Работа клубнай установы спецыфічная. Гэта не толькі прадастаўленне культурных паслуг насельніцтву і бібліятэчнае абслугоўванне. Ва ўстанове маюцца сем гасцінічных нумароў. І хоць паслуга не вельмі запатрабаваная, але, тым не менш, іншы раз карыстаецца попытам сярод камандзіраваных у мясцовае сельгаспрадпрыемства рабочых і служачых. Бо ўмовы пражывання тут максімальна набліжаныя да гарадскіх. У памяшканнях былой школы, а менавіта тут размяшчаецца ЦКіА, яшчэ ёсць і аддзяленне паштовай сувязі, ФАП, комплексны прыёмны пункт, міні-кафэ райспажыўтаварыства.

Напрыканцы ў глядзельнай зале народны вакальны ансамбль Лужкаўскага СДК “Лужкаўскія песняры” прадэманстраваў тэатралізавана-песенны блок “Вясельны абрад”. Гучалі песні як вядомых беларускіх аўтараў і выканаўцаў, так і новыя, якія зусім нядаўна ўвайшлі ў рэпертуар калектыву. Жывы гук народных музычных інструментаў і ўмела пастаўленыя галасы артыстаў узрушылі глядацкую аўдыторыю, якая двойчы запрашала народны гурт “на біс”.

Работнікі метадычнага цэнтра сярод удзельнікаў семінара правялі гумарыстычную гульнёвую праграму з назвай “Мабільныя дзяўчаты”. Былі конкурсы, песні, жарты. Пасля чаго за “круглым” сталом прайшло абмеркаванне выязнога мерапрыемства. Вырашана і ў далейшым практыкаваць аналагічныя семінары па ўстановах культуры раёна, дзе можна пераняць вопыт і лепшыя дасягненні ў культурнай галіне.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *