У ААТ «Даватарскі» завяршаюць пасяўную кампанію

Сельское хозяйство

механізатар Сяргей Лук’янскі

У ААТ “Даватарскі” адны з самых вялікіх плошчаў, якія запланавана засеяць яравымі зерневымі культурамі — усяго 1170 гектараў. Па стане на 10 мая насенне зерневых загорнута ў глебу на плошчы 1035 га.
— На сяўбе задзейнічаны механізатары Сяргей Лук’янскі, які працуе на трактары “Беларус” МТЗ-3522 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6А, і Іван Ермаловіч на трактары “Беларус” МТЗ-3022 у счэпе з аналагічным агрэгатам, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Іна Касарэўская. — Аб’ёмы вельмі вялікія, таму ўся тэхніка, якая ёсць у сельгаспрадпрыемстве ў наяўнасці, па максімуме задзейнічана на пасяўной кампаніі. Дапамогу нам аказвае ААТ “Жвіранка”, УКП ЖКГ, звяно тэхнікі накіравала Глыбоцкая інтэграцыйная структура. Чатыры адзінкі тэхнікі задзейнічаны на ўнясенні арганікі пад сяўбу кукурузы ў Жукоўшчыне. Адзін энерганасычаны трактар “Кіравец” К-744 з сеялкай “Амазон” займаецца сяўбой зерневых культур. Усе мы разам, ад кіраўніка гаспадаркі да механізатараў і паляводаў, прыкладаем максімум намаганняў, каб якасна і ў тэрмін завяршыць сяўбу. Акрамя зерневых, зернебабовых культур і яравога рапсу, трэба пасеяць 600 гектараў кукурузы.
У дзень нашай паездкі ў гаспадарку ва ўрочышчы Дэмбова сяўбой аўса займаўся механізатар Сяргей Лук’янскі. Плошча адносна невялікая, усяго 13 гектараў, таму трактарыст хутка завяршыў сваю работу і рушыў на іншае поле.
— Нельга дарэмна губляць час, трэба спяшацца ў тэрмін пасеяць зерневыя культуры, каб восенню мець добры ўраджай, — сказаў нам мужчына.

Повары Марына Даргель і Маргарыта Якімовіч

Мы ж накіраваліся ў сталовую сельгаспрадпрыемства, каб пацікавіцца, чым харчуюцца мясцовыя хлебаробы.
— Сёння мы гатуем на абед суп, макарону з катлетамі, салат з буракоў і чай, — паведаміла повар Марына Даргель. — На падвячорак запланавана прыгатаваць плоў, салат са свежай капусты і чай. Гародніна і іншыя прадукты ў нас заўсёды свежыя, стравы гатуем з душой, каб нашым хлебаробам было смачна есці. Разам са мной працуе поварам Маргарыта Якімовіч. А яшчэ вытворчую практыку ў нас праходзіць студэнт Віцебскага каледжа Арцём Буйка. Юнак выдатна спраўляецца з даручанымі справамі, у хуткім часе, пасля атрымання адукацыі, ён таксама стане поварам.
Як і ў іншых гаспадарках, у ААТ “Даватарскі” клапоцяцца пра будучы ўраджай, таму і працуюць старанна, сумленна і з душой.
Сяргей РАЙЧОНАК.