Наш карэспандэнт даведаўся, як прайшла пасяўная ў КУВСП імя Маркава

Сельское хозяйство

сейбіты Канстанцін Руткоўскі і Аляксандр Кірэй

У КУВСП імя Маркава, як і ў іншых гаспадарках раёна, з усёй паўнатой адказнасці аднесліся да правядзення вясенняй пасяўной кампаніі. І хоць здараліся пэўныя цяжкасці, мясцовыя аграрыі наблізіліся да фінішу.
У дзень нашага наведвання асноўная частка тэхнікі працавала на палетках за вёскай Антанова. Два энерганасычаныя трактары “Кіравец” К-701 і К-744 у счэпе з чызелямі рыхтавалі глебу. Следам за імі вялі сяўбу зернебабовых культур механізатары Аляксандр Кірэй на трактары “Беларус” МТЗ-1221 у счэпе з сеялкай “Лемкен” і Канстанцін Руткоўскі на трактары “Беларус” МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6А. Мы на хвіліну спынілі сейбітаў, каб крыху пагутарыць аб справах хлебаробаў.
— Нягледзячы на шматлікія капрызы надвор’я, мы не спынялі сваю тэхніку, ад цямна і да цямна працавалі ў полі, — кажа Аляксандр Вітальевіч. — Тэхніка ўжо выпрацавала свой рэсурс, але дзякуючы інжынернай службе мы без прастояў шчыравалі на палетках. Вядома, вясенні дзень год корміць. Усе разам мы клапоцімся пра харчовую бяспеку краіны, дабрабыт нашага сельгаспрадпрыемства, уласны фінансавы прыбытак.
— Працуем зладжана, у адной камандзе, — далучыўся да размовы Канстанцін. — Кожны механізатар ведае свае абавязкі, таму і паказчыкі па засеяных плошчах не малыя. За светлавы дзень засейваем больш за 50 гектараў. Я ўжо не першы год працую тут механізатарам, кожную вясну і восень займаюся сяўбой разам з Аляксандрам Вітальевічам. Ён вопытны і перадавы механізатар у гаспадарцы, таму нам, больш маладым, ёсць чаму ў яго навучыцца ў хлебаробскай справе. Раней і мой брат Аляксандр працаваў у КУВСП імя Маркава на энерганасычаным трактары, але па пэўных абставінах звольніўся, змяніў месца працы. Як і ў многіх гаспадарках, у нашай таксама адчуваецца недахоп трактарыстаў. Некаторыя, выпрацаваўшы стаж, ідуць на заслужаны адпачынак, моладзь жа шукае магчымасці, каб жыць і працаваць у горадзе. Асабіста я не планую мяняць работу, бо тут у мяне сям’я, дзеці. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.
Пасля гутаркі механізатары, завёўшы сваю тэхніку, рушылі далей засяваць поле. Надвор’е ў той дзень было цёплае і сонечнае, што надавала сейбітам добры настрой.

Механізатар Раман Бука

На суседнім 160-гектарным полі расце азімая пшаніца. Цяпер самы час для правядзення хімічнай праполкі гэтай культуры. На працягу дванаццаці год гэтым відам работ на агрэгаце на пнеўматычным ходзе “Раса” займаецца механізатар Раман Бука.
— Спачатку я ўносіў удабрэнні, цяпер — хімічныя сродкі для выдалення пустазелля, — тлумачыць Раман. — Усяго запланавана правесці хімпраполку на плошчы 1139 гектараў. Гэта азімыя зерневыя. Дадаткова трэба будзе яшчэ апрацаваць 260 гектараў азімага рапсу і 769 гектараў яравых зерневых культур. Аб’ёмы вялікія, але мы спраўляемся, галоўнае каб тэхніка не падводзіла.
Па стане на 13 мая ў гаспадарцы загарнулі насенне ў глебу на плошчы 819 га, што склала 100 працэнтаў да задання. Дадаткова трэба яшчэ пасеяць 188 гектараў яравога рапсу і 300 гектараў кукурузы.
На дапамогу мясцовым аграрыям прыйшла тэхніка з Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. Яна занятая на вясеннім ворыве. Як бачна, сельгасработы ў КУВСП імя Маркава вядуцца зладжана і шырокім фронтам. А гэта ў поўнай меры дае надзею на добры ўраджай восенню. Цяпер галоўнае — весці правільны догляд за пасевамі і каб не падвяло надвор’е.
Сяргей РАЙЧОНАК.