
У той дзень сустрэць у рабочым кабінеце загадчыцу ФАПа аграгарадка Васюкі Вольгу Алегаўну Кінько не ўдалося. Паступіў тэрміновы выклік з вёскі Станіславова. У Наталлі Іосіфаўны Яцына здарыўся ішэмічны інсульт. Да прыезду “хуткай” фельчару трэба аказаць першую медыцынскую дапамогу.
Штодзённы рабочы графік Вольгі Алегаўны распісаны літаральна па хвілінах. Гэта і назначаныя медыцынскія працэдуры для хворых на ФАПе, і выклікі на дом. Тут сваё месца маюць некаторыя складанасці. Галоўная з іх — гэта аддаленасць населеных пунктаў. Мяркуйце самі, усяго на абслугоўваемай тэрыторыі размешчаны дзевяць вёсак, у якіх пражываюць 723 чалавекі — ад Васюкоў Станіславоўскага да Альхоўцаў Валожынскага сельсаветаў. А тут за кожным выклікам стаіць здароўе чалавека. Бо ад хуткасці і аператыўнасці фельчара іншы раз можа залежыць выратаванне чалавечага жыцця.
— Улетку дабіраюся на веласіпедзе, — кажа Вольга Алегаўна. — А зімою, у вясновую і восеньскую бездараж наведацца да хворых дапамагае на сваім аўтамабілі муж Антон. Працу маю ён разумее, таму, па магчымасці, заўсёды прыйдзе на дапамогу.
На фельчарска-акушэрскім пункце размешчаны працэдурныя кабінеты, дзе кожны трэці чацвер месяца вядзе прыём участковы тэрапеўт, аказваюцца паслугі стаматолага. Тут жа можна набыць і лекі.
Ніводная катэгорыя насельніцтва не застаецца па-за ўвагай фельчара. 12 адзінокапражываючых грамадзян раз у квартал праходзяць медагляд. Штомесяц прафілактычная дапамога аказваецца вязню канцлагера і сям’і загінуўшых. На абслугоўваемай тэрыторыі пражываюць 12 чалавек, якія знаходзяцца на ўліку ва ўрача-нарколага. Пры іх наведванні праводзяцца гутаркі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Аналагічныя гутаркі праходзяць і ў працоўных калектывах ААТ “Васюкі”. У Станіславоўскай БШ сістэматычна арганізуюцца інфармацыйныя заняткі аб шкодзе табакакурэння “Цыгарэты — не забава”, аб пагубным уздзеянні алкаголю “Міфы і рэальнасць аб алкагалізме”, да Міжнароднага дня прафілактыкі ВІЧ/СНІД “Дарога ў пекла”.
Графік рабочага дня не дазволіў доўга паразмаўляць з фельчарам, на ФАП прыходзілі людзі: хто на працэдуры, хто набыць лекавыя сродкі. Напаследак мы пажадалі Вользе Алегаўне поспехаў у яе нялёгкай працы і толькі ўдзячных і здаровых пацыентаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
