У ААТ “Жвіранка” на мінулым тыдні завяршылі сяўбу яравых зерневых культур

Сельское хозяйство

На апрацоўцы глебы заняты Сяргей Молакаў

Як і ва ўсіх гаспадарках раёна, у ААТ “Жвіранка” на мінулым тыдні завяршылі сяўбу яравых зерневых культур. Пасеяны яны на плошчы 855 гектараў. Цяпер мясцовыя хлебаробы займаюцца сяўбой кукурузы, падсевам шматгадовых траў, хімпраполкай азімых, яравых зерневых, рапсу.
У дзень нашага наведвання асноўная частка тэхнікі працавала ў аддзяленні Каўшэлева ва ўрочышчы Кадрышкі. Тут знаходзіўся і начальнік аддзялення Пётр Катовіч.

механізатар Алег Андруковіч

— На дадзены момант мы займаемся падрыхтоўкай глебы пад сяўбу проса на полі плошчай 50 гектараў, — тлумачыць Пётр Генадзьевіч. — На полі вельмі многа камянёў, што перашкаджае руху глебаапрацоўчай тэхнікі. Іх зборам займаецца механізатар Яўгеній Пятрашка. Падрыхтоўку глебы пад сяўбу праводзяць механізатары Сяргей Молакаў на трактары “Беларус” МТЗ-1221 з агрэгатам АКШ-7,2, Алег Андруковіч на трактары “Беларус” МТЗ-3522 і Андрэй Катовіч на трактары “Кіравец” К-744 з дыскатарамі. На дапамогу ў правядзенні сельгасработ накіравана тэхніка Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. Плячо ў плячо разам з мясцовымі хлебаробамі працуе механізатар Іван Алексяенка на энерганасычаным трактары “Кіравец” К-744 з агрэгатам КШП-10.

механізатар Іван Алексяенка

— У гэтай гаспадарцы я працую на працягу тыдня, — кажа Іван. — Займаюся апрацоўкай глебы ў гаспадарках Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. Умовамі працы я цалкам задаволены, глебы тут лёгкія, харчаванне выдатнае.
Унясенне мінеральных удабрэнняў (калію) ажыццяўляе Сяргей Курэц на агрэгаце “Раса”. За дзень у яго атрымліваецца апрацаваць каля 100 гектараў.
— Плануем да абеду завяршыць апрацоўку глебы, унясенне ўдабрэнняў, каб да заканчэння працоўнага дня засеяць гэта поле просам, — кажа начальнік аддзялення. — Сяўбой будзе займацца тэхніка з Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры, а менавіта энерганасычаны трактар “Кіравец” К-744 з шыроказахопнай сеялкай “Амазон”.
Вось так, зладжана і ў тэрмін заканчваюць вясеннюю пасяўную кампанію хлебаробы ААТ “Жвіранка”. Наперадзе працаўнікоў вёскі чакаюць корманарыхтоўчыя работы. Пажадаем ім поспехаў!
Сяргей РАЙЧОНАК.