14 мая ў Шаркаўшчыне прайшоў абласны конкурс дзіцячай творчасці «Лепш за ўсіх»

Главное

У сярэдзіне мая ў раённым Цэнтры культуры нашага гарадскога пасёлка прайшоў першы абласны конкурс дзіцячай творчасці “Лепш за ўсіх!”. Шаркаўчане прымалі на сваёй гасціннай зямлі таленавітых дзяцей і падлеткаў амаль з усёй Віцебшчыны, усяго 34 чалавекі.
Арганізатары конкурсу — упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, абласная арганізацыя беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, а таксама аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Журы конкурсу трэба было вызначыць лепшых удзельнікаў у намінацыях “вакальна-харавы жанр”, “інструментальны жанр”, “тэатральны жанр” і “арыгінальны жанр”.
На шаркаўшчынскай сцэне выступалі таленавітыя дзеці Віцебшчыны, якія першапачаткова прайшлі першы конкурсны этап і змаглі заваяваць пуцёўку ў фінал конкурсу. Кожны з іх радаваў прысутных гледачоў сваімі песнямі, ігрой на музычных інструментах. Некаторыя паказвалі цыркавыя нумары, расказвалі пра свае жыццёвыя захапленні і інтарэсы. Наш раён прадставілі 6 удзельніц: Наталля Крывашонак, Ксенія Касцюкевіч, Ганна Рамановіч, Дар’я Аксановіч, Вікторыя Гаўрылава і Ульяна Пракопава. Кожная з іх загадзя рыхтавалася з жаданнем перамагчы ў конкурсе. Шмат яркіх эмоцый выклікала выступленне канкурсантаў, тым больш, што ў кожнага была свая група падтрымкі ў глядзельнай зале. Вялі конкурсную праграму дзве вядучыя з Гарадка Алена Хаценька і Святлана Дзюбкова.
А што ж такое талент? У чым ён праяўляецца, як яго выявіць і як развіваць? Напэўна, талент — гэта тое, што чалавек любіць рабіць больш за ўсё і робіць гэта лепш за ўсіх. Таксама кажуць, што талент — гэта каштоўны дар, а кожны малыш — гэта цэлы свет. Адны любяць спяваць, танчыць, іншыя — майстраваць, маляваць, вывучаць, напрыклад, зоркі. Кожны хлопчык ці дзяўчынка таленавіты па-свойму, а неталенавітых дзяцей проста не бывае. Трэба проста ў кожным дзіцяці знайсці іскрынку, якая потым перарасце ў зорачку, і з часам з’явіцца таленавітая асоба. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі ў той дзень прадэманстравалі свае лепшыя здольнасці: спявалі, танчылі, ігралі, расказвалі вершы і г. д. Карацей кажучы, свята атрымалася яркім, відовішчным і запамінальным. Пасля конкурснай праграмы, якая прадаўжалася амаль чатыры гадзіны, удзельнікі маглі падсілкавацца смачнымі стравамі, якія прапанавалі жадаючым удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Груца” Радзюкоўскага СДК, а таксама ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага СДК. А яшчэ ў час антракту дзецей весялілі клоўны-аніматары Більдзюжскага сельскага Дома культуры.
І вось настаў самы хвалюючы момант мерапрыемства! Хто ж, у рэшце рэшт, стане лепш за ўсіх? Журы нікога не пакінула без узнагарод. Усе дзеці атрымалі дыпломы, памятныя медалі і статуэткі. Акрамя таго, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава ўзнагародзіла некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак спецыяльнымі прызамі. А перамогу заваявала Маргарыта Дубоўская з горада Орша. Дзяўчынка выступала ў намінацыі “арыгінальны жанр”. Яе цыркавы нумар нікога не пакінуў раўнадушным. Гледачы гучна пляскалі ў далоні і крычалі “Брава!”
Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука выказала шчырыя словы ўдзячнасці канкурсантам, а таксама работнікам культуры нашага раёна, якія арганізавалі для ўсіх гасцей свята цёплы і сяброўскі прыём.
Сяргей РАЙЧОНАК.