Жыхары вёскі Лонскія дзякуюць супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАНС Уладзіславу Трапачку і Віктару Жуку

Служба 101

З нядаўняга часу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях на пасадзе старшыны групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння служыць прапаршчык Віктар Жук. Тут жа праходзіць практыку навучэнец Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа Уладзіслаў Трапачка.
У рэдакцыю раённай газеты даслалі ліст жыхары вёскі Лонскія. У ім вяскоўцы выказваюць словы вялікай удзячнасці гэтым хлопцам. Справа ў тым, што не так даўно каля вёскі нехта падпаліў сухую траву. Полымя хутка пачало распаўсюджвацца. Узнікла небяспека для жылых і гаспадарчых пабудоў. Людзі патэлефанавалі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і паведамілі пра ўзгаранне. Аператыўна выехаў аўтамабіль. Менавіта Уладзіслаў і Віктар займаліся тушэннем падпаленай сухой травы. Вогнеборцы больш за тры гадзіны змагаліся з узгараннем. На дапамогу ім прыйшлі вяскоўцы. У рэшце рэшт узгаранне было ліквідавана. Жыхары вёскі Лонскія выказваюць словы ўдзячнасці Віктару і Уладзіславу за аказаную дапамогу. Зычаць ім трывалага здароўя і добрай службы!
Сяргей РАЙЧОНАК.