У свае 80 гадоў Георгій Андрэевіч Латышонак жыва цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў раёне

Сельское хозяйство

У свае 80 гадоў, якія адзначыў 15 сакавіка, Георгій Андрэевіч Латышонак жыва цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў раёне, у тых гаспадарках, дзе яму давялося працаваць, аналізуе стан спраў у сельскагаспадарчай вытворчасці і параўноўвае з тым, як было ў яго бытнасць і цяпер. А ўсё таму, што ён усё сваё жыццё працаваў на зямлі, якая корміць і ўзбагачае, любіў і паважаў людзей працы. Георгій Андрэевіч не здрадзіў сельскай гаспадарцы за гады сумленнай працы, будучы на розных пасадах.

Сваю біяграфію пачынаў брыгадзірам трактарнай, затым комплекснай брыгады ў яго родным, былым калгасе “Маяк”. Малады, энергічны кіраўнік невялікага калектыву праяўляў свае арганізатарскія здольнасці, добра ведаў працу на зямлі. Дарэчы,свае практычныя веды замацаваў тэарэтычна — без адрыву ад вытворчасці закончыў Лужаснянскі саўгастэхнікум, затым Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Заўважаючы станоўчыя якасці спецыяліста сельскай гаспадаркі, кіраўніцтва раёна ўздымала яго па службовай лесвіцы. Пэўны час працаваў аграномам, потым намеснікам старшыні ў “Маяку”, затым на працягу 10 гадоў Георгій Андрэевіч быў старшынёй калгаса імя Даватара.

Жыццё не стаіць на месцы. Так склаліся абставіны, што сям’я перабралася жыць у Шаркаўшчыну. Тут аж да пенсійнага ўзросту Георгій Андрэевіч працаваў аграномам-аграхімікам у тагачаснай сельгасхіміі.

На працягу ўсяго жыцця, у радасцях і горы, у расчараваннях і ўзлётах была і застаецца з ім побач верны сябар, дарадца, любячая жонка і клапатлівая маці Клемянціна Антонаўна. Разам яны выхавалі трох сыноў, якія ўжо даўно маюць свае сем’і. Кожны знайшоў сваё месца ў жыцці. Цешацца і радуюцца пажылыя людзі, што акружаюць і акрыляюць іх жыць і радавацца жыццю ўнукі. Дзядуля з бабуляй заўсёды аддавалі ім шмат часу, ахінаючы сваёй любою і пяшчотай, дапамагалі дзецям у іх выхаванні. Зараз ужо ёсць і першая маленькая “ластавачка” — праўнучка Валерыя.

Пражытыя гады не прайшлі дарма, свае лепшыя якасці Георгій Андрэевіч перадаў малодшаму пакаленню. Пажадаем юбіляру моцнага здароўя, каб яшчэ доўга-доўга ён цешыўся сваёй вялікай, дружнай, працавітай сям’ёй, каб, як і цяпер, наведваліся да яго сябры па працы, суседзі. Няхай заўсёды свеціць вам, Георгій Андрэевіч, яркае веснавое сонца і ніколі не патухае агеньчык у вашых вокнах!

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *