Творчая выстава сям’і Букаў праходзіць ў цэнтры рамёстваў

Актуальное

амаль уся сям’я Букаў у зборы

Хоць на календары ўжо вясна, але зіма не хоча здаваць сваіх пазіцый — яшчэ белай прасцінкай ухутан прастор. А ў цэнтр рамёстваў нібы ўварвалася вясна. Стварыла яе шаркаўшчынская мастачка Таццяна Бука. Сонечныя промні, пяшчоту і свежасць першых кветак адлюстравала яна на карцінах, вышытых пры дапамозе рознакаляровых стужак, і стварыла розныя формы мастацтвам ізаніткі.

Таццяна Станіславаўна ў свой час закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. Дарэчы, яе аднакурснік Сяргей Бука, які стаў мужам, таксама чалавек творчы. Так што ў стварэнні карцін для выставы абодва прымалі непасрэдны ўдзел. Мастацкія здольнасці бацькоў перадаліся і дзецям. Старэйшая дачка Дзіяна хоць і набыла іншую прафесію — працуе перакладчыкам у адной з навучальных устаноў Гродзеншчыны — захапляецца творчасцю: малюе, робіць вышыўкі бісерам. Малодшыя блізняты-шасцікласнікі Насця і Лёша — малююць. Да таго ж, дзяўчынка яшчэ займаецца бісерапляценнем, вяжа шыдэлкам. На выставе ёсць і іх работы.

адна з карцін

Трэба сказаць, што Таццяна Станіславаўна працуе настаўнікам працы ў 2, 3, 6 і 7 класах Шаркаўшчынскай СШ № 1. А яшчэ яна вядзе ў школе гурток бісерапляцення. На выставу прынеслі свае вырабы з бісеру і яе вучні.

Галерэя мастачкі адкрылася, калі сабраная калекцыя твораў “прасілася” у экспазіцыю. Арыгінальнасцю, багаццем кветак і адценняў прываблівае выстава.

Шаркаўчане, якія цікавяцца талентам мастачкі, прыгажосцю, створанай рукамі таленавітай жанчыны, сабраліся на адкрыццё выставы. Пра творчасць мастачкі гаварылі работнікі цэнтра рамёстваў, сябры. Таццяна Станіславаўна падводзіла вынікі сваёй 20-гадовай працоўнай дзейнасці ў школе, адказвала на пытанні прысутных. А Ала Леднік пад акампанемент Галіны Сафончык выканала некалькі песень, прысвечаных жанчынам.

Варта нагадаць, што выстава працягвае сваю работу і яе можа наведаць кожны жадаючы.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *