Кацярына Грыдзюшка і свет яе захапленняў

Актуальное

У жыцці кожнага з нас акрамя вучобы, работы ёсць розныя захапленні, хобі. Некага вабіць інтэрнэт-прастора, хтосьці выхадныя дні праводзіць на рыбалцы і паляванні. Некаторыя вольны час прысвячаюць чытанню літаратуры і перыядычных выданняў.

— Ніводнага дня я не ўяўляю без кнігі, — кажа вучаніца 10 класа Лужкаўскай СШ Кацярына Грыдзюшка. — Дамашняя бібліятэка, хоць і невялікая, мною ўжо даўно прачытана. Кніжныя навінкі, што з’яўляюцца ў мясцовай бібліятэцы, па магчымасці, стараюся не мінаць. Мне, наогул, не важна ці гэта кніга ў бумажным пераплёце, ці інтэрнэт-выданне. Зацікаўленасць выклікаюць, у першую чаргу, творы класікаў як айчынных, так і замежных. Гэта А. Пушкін, Ф. Дастаеўскі, Ул. Караткевіч. З замежных Джэк Лондан, Колін Маккалоў, Джон Фаўлз.

—    Бачу на тваім стале зборнік вершаў Марыны Цвятаевай, — запытаўся я. — Мяркую, табе даспадобы лірычнае хараство паэтаў “сярэбранага” веку?

—    Так, — адказвае Кацярына. — Яе вершамі я проста зачытваюся. І хоць па школьнай праграме трэба прачытаць шматлікія іншыя творы мастацкай літаратуры, але ж заўсёды знойдзецца час, каб удзяліць сваю ўвагу Ганне Ахматавай, Восіпу Мандэльштаму і, канечне ж, Сяргею Ясеніну.

—    Дарэчы, ты ўспомніла пра школу, — далучылася да нашай размовы маці Алена Анатольеўна. — Можа пахвалішся сваімі поспехамі?

Крыху саромеючыся, дачка адмовілася казаць пра гэта. Тады мы разам з маці пачалі гартаць альбом, у якім акуратна сабраны школьныя граматы “За выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны”, пачынаючы з 3-га класа, падзякі старшыні райвыканкама, адрасаваныя бацькам “За добрае выхаванне дачкі”, дыплом Міністэрства прыроды за 2-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшую публікацыю па экалагічнай тэматыцы ў газеце “Народнае слова”, падзячнае пісьмо, адрасаванае бацькам, ад дырэктара аздараўленчага цэнтра “Зубраня” і шмат іншых. Сёлета Кацярына Грыдзюшка заваявала дыплом трэцяй ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове.

Зараз яна займаецца паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, бо збіраецца паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт. Ніводнае культурна-масавае мерапрыемства, што ладзіцца ў школе і мясцовым Доме культуры, не праходзіць без удзелу Кацярыны.

Асабліва ганарацца сваёй унучкай дзядуля Анатоль Уладзіміравіч і бабулі Раіса Станіславаўна з Надзеяй Яўгеньеўнай. Заўсёды ім дапаможа справіцца з хатнімі клопатамі, праполе ўлетку кветнікі і градкі з агароднінай.

Чытачы раённай газеты, напэўна, звярнулі ўвагу, што ўжо неаднойчы Кацярына Грыдзюшка дасылае нам свае публікацыі аб жыцці школы, вандроўках і экскурсіях, аб уласных разважаннях. У далейшым будзем чакаць ад Кацярыны новых цікавых матэрыялаў. І пажадаем ёй ажыццяўлення сваіх самых запаветных мар!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *