
Нягледзячы на пэўныя матэрыяльныя цяжкасці, капрызы надвор’я, аграрыі нашага раёна своечасова завяршылі вясенняю пасяўную кампанію, каб восенню сабраць багаты ўраджай і каб на стале шаркаўчан, як і ва ўсіх беларусаў, быў духмяны бохан хлеба на стале.
Як і ў мінулыя гады, хлебаробы ААТ “Ельня-Агра” завяршылі пасяўную кампанію ў аптымальныя тэрміны. З гэтай нагоды пры правядзенні чарговага ранішняга планавага сходу ў механічных майстэрнях кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч выказаў словы вялікай удзячнасці ўсім, хто шчыраваў на пасяўной кампаніі.
— Сёлета мы ўсе разам падрыхтавалі глебу і пасеялі на ёй амаль 700 гектараў шматлікіх культур, — сказаў Міхаіл Мікалаевіч. — Было складана з-за таго, што колькасць механізатараў у нас значна зменшылася, але мы, прыклаўшы намаганні, змаглі ўкласціся ў агранамічныя тэрміны. На сяўбе ў нас працавалі толькі дзве трохметровыя сеялкі “Лемкен”, на якіх, як і ў мінулыя гады, былі задзейнічаны механізатары Аляксей Малыш і Андрэй Удобкін.
— Як і планавалі, сёлета на плошчы 109 гектараў пасеялі яравы ячмень, — дадаў галоўны аграном гаспадаркі Пётр Віктаравіч Протас, — плошчу ў 68 гектараў заняў авёс, на 18 гектарах пасеяна яравая пшаніца, на 130 гектарах растуць зернебабовыя культуры, на 185 — кукуруза, 100 гектараў плошчаў адвялі пад яравы рапс, а на плошчы 68 гектараў пасеяны аднагадовыя травы. Карацей кажучы, мы справіліся з пастаўненымі перад намі задачамі і планамі. Цяпер самае галоўнае, каб росту гэтых культур спрыяла надвор’е. Бо самі ведаеце, што праца ў сельскай гаспадарцы з’яўляецца працай пад адкрытым небам і многае залежыць менавіта ад умоў надвор’я.
Пасля кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч і старшыня прафкама Валянціна Дзегцяронак узнагародзілі работнікаў, якія былі занятыя на правядзенні пасяўной кампаніі, граматамі, грашовымі прэміямі і невялікімі падарункамі.
Наперадзе вяскоўцаў чакае касавіца — таксама адказная кампанія. У “Ельні-Агра”, як і ў мінулыя гады, яе таксама правядуць сумленна і ў тэрмін, каб мець трывалую кармавую базу на зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы.
Сяргей РАЙЧОНАК.
