5 чэрвеня адзначаць сваё прафесійнае свята беларускія меліяратары

Общество

Звяно па абкосе каналаў (быгадзір Віктар Станюленіс другі злева)

У перакладзе з лацінскай мовы “меліярацыя” азначае “паляпшэнне”. Створаныя дзесяцігоддзі назад меліярацыйныя сістэмы і сёння працягваюць прыносіць вялікую карысць сельскай гаспадарцы.
На абслугоўванні Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм знаходзіцца 65 тысяч гектараў зямель, з іх 30 тысяч — у Пастаўскім раёне. Агульная працягласць асушальнай сеткі складае 2807 кіламетраў, 1432 гідратэхнічныя збудаванні, а таксама 387 кіламетраў дарог.
Кіраўніцтва і адміністрацыя арганізацыі зацікаўлены ў пастаяннай занятасці сваіх работнікаў. У 2022 годзе фінансаванне меліярацыйнага будаўніцтва і рамонтна-эксплуатацыйных работ ажыццяўляецца на падставе падпраграмы 7 “Развіццё меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння” Дзяржаўнай праграмы аграрнага бізнеса ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады”.
Для асваення выдаткаваных сродкаў неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 173 гектары асушаных зямель у ААТ “Ельня-Агра”, ажыццявіць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Палавіца” ў Пастаўскім раёне. Акрамя гэтага трэба выканаць шэраг іншых запланаваных работ.
— Работнікі нашага прадпрыемства працуюць шчыра і аддана, — кажа дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Сямёнавіч Дзковіч. — Нягледзячы на шматлікія складанасці, мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, каб павялічыць аб’ёмы работ, фінансавую стабільнасць арганізацыі, захаваць працоўны патэнцыял. Цяжка выдзеліць каго-небудзь асобна, усе работнікі заслугоўваюць слоў удзячнасці за сваю працу. Сёлета звяно па абкосе меліярацыйных каналаў (брыгадзір Віктар Станюленіс) заняло першае месца ў вобласці. Першае месца ў абласным спаборніцтве заняў бульдазерыст Валерый Цітовіч, трэцяе месца — экскаватаршчык Ігар Сяткоўскі. Адзначана праца высокакваліфікаванага спецыяліста, начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Тэрэзы Чаславаўны Таўкінь. А экскаватаршчык Мікалай Міраненка (Пастаўскі ўчастак) узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Акрамя таго, за працоўныя заслугі сёлета на раённай Дошцы гонару размешчана імя кранаўшчыка Уладзіміра Савейка, а трактарыст Аляксей Лакотка ўдастоены ганаровага звання “Чалавека года Шаркаўшчыны” па выніках працы за мінулы год.
Паважаныя калегі, ветэраны працы, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, шчыра віншую вас з Днём меліяратара! Дзякуючы нашай рабоце ўдалося рэаніміраваць і зрабіць прыгодным для выкарыстання многа гектараў зямлі. Толькі нам вядома, як бывае няпроста ў нашай рабоце. Шчасця вам, вашым сем’ям! Са святам!
Сяргей РАЙЧОНАК.

начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Тэрэза Таўкінь
Бульдазерыст Валерый Цітовіч
Экскаватаршчык Ігар Сяткоўскі