У Глыбокім адбылася прэзентацыя дзіцячага музычнага зборніка Ганны Шакола. Удзел у ёй прынялі шаркаўчанкі Людміла Ардынская і Галіна Сафончык

Актуальное

Напрыканцы мая ўдзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Людміла Ардынская і кіраўнік аматарскага музычнага калектыву раённага Цэнтра культуры “Душэўная ўтульнасць” Галіна Сафончык прынялі ўдзел у творчым мерапрыемстве ў горадзе Глыбокае.
У актавай зале раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя дзіцячага музычнага зборніка глыбоцкага кампазітара, былой настаўніцы музыкі СШ № 3 Ганны Шакола пад назвай “Акварэлі дзяцінства”. У аўтара гэта пяты зборнік, у які ўвайшлі 35 песень на словы паэтаў Глыбоччыны Віталія Гарановіча, Зоі Наваенка, Галіны Сутула. Дарэчы, 20 з іх напісаны на словы Людмілы Ардынскай.
Вядучая імпрэзы бібліятэкар Жанна Машніч прадставіла паэтаў, коратка расказала пра іх творчасць. Пад акампанемент Ганны Казіміраўны хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі песні, якія ўвайшлі ў зборнік “Акварэлі дзяцінства”. Цёплая і сардэчная атмасфера, напоўненая музыкай, панавала ў светлай і ўтульнай зале бібліятэкі. Ганна Казіміраўна падарыла на памяць свой зборнік усім выканаўцам і паэтам. Шматлікія віншаванні родных, сяброў, калег, цудоўныя букеты шыкоўных кветак — знак таго, што кампазітар з’яўляецца прызнаным творцам на сваёй малой радзіме. Яе дзейнасць адзначана шматлікімі ўзнагародамі. У 2011 годзе Ганна Шакола ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” ў намінацыі “культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне”. У 2015 годзе яе імя занесена ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”.
Новы зборнік кампазітара мае вялікае значэнне ў эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення. Дарэчы, гэты зборнік яна прысвяціла сваім унукам Іллі і Уладзіславу — юным талентам, якія, калі не прадоўжаць справу, дык захаваюць у сэрцах дабрыню і любоў да цудоўнага мастацтва — музыкі.
Музыцы сэрца сваё адчыні!
Увойдзе як сябра надзейны ў дом твой.
З ёю святлейшымі будуць усе дні
Восенню слотнай, завейнай зімою.
Людміла Ардынская.
А. КЛАКОЎСКАЯ,
кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.