Як і ў іншых гаспадарках раёна, у ААТ “Даватарскі” ўзнагародзілі, механізатараў, якія шчыравалі на палетках падчас вясенняй пасяўной кампаніі.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Пальчэх уручыў граматы лепшым працаўнікам, дзякуючы якім удалося выканаць даведзены план па сяўбе яравых культур. Андрэй Паўлавіч выказаў словы вялікай удзячнасці за іх нялёгкую, але вельмі карысную працу. Да віншаванняў далучылася старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Анжаліка Атопкіна. Яна пажадала сейбітам трывалага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, а таксама ад імя грамадскай арганізацыі ўручыла грашовыя прэміі.
Сярод узнагароджаных механізатары Мікалай Баговіч, Васілій Баранчукоў, Аляксандр Драбовіч, Яўгеній Баговіч, Віктар Шатыбелка, Аляксандр Яцына і Сяргей Лук’янскі.
— Кожны з іх працаваў без выхадных, з ранку і да позняга вечара, — кажа дырэктар ААТ “Даватарскі” Андрэй Пальчэх. — Аб’ёмы работ, якія нашы працаўнікі выканалі падчас пасяўной кампаніі, вельмі вялікія. Пасеяна звыш дзвюх тысяч гектараў яравых культур, з іх 1270 га — зерневых. Загорнута ў глебу насенне яравога рапсу, кукурузы, грэчкі. Наогул, пасяўная кампанія ў нашай гаспадарцы ішла на працягу двух месяцаў. Перашкодай нарошчванню тэмпаў з’яўлялася тое, што землі ў “Даватарскім” гліністыя. І перш, чым пусціць на поле сеялку, глебу трэба было апрацаваць 3-4 разы. А гэта дадатковыя затраты паліва і часу. Тым не менш, мы не пасавалі перад цяжкасцямі, а працавалі дбайна.
Пакрысе пачынаецца касавіца. І ў гэтым відзе сельгасработ нам трэба выканаць вялікія аб’ёмы. У гаспадарцы маецца 4600 галоў буйной рагатай жывёлы. Для таго, каб зімова-стойлавы перыяд прайшоў паспяхова, трэба нарыхтаваць прыкладна 15 тысяч тон сенажу, больш за 10 тысяч тон сіласу, каля 2 тысяч тон сена, а пажадана нават і больш. Толькі тады мы будзем мець трывалую кармавую базу.
Як мы ўласна ўбачылі, у “Даватарскім” дбаюць пра будучы ўраджай і заўтрашні дзень, а інакш у сельскай гаспадарцы і немагчыма.
Сяргей РАЙЧОНАК.