На календары — сярэдзіна чэрвеня. Першы летні месяц прынёс з сабою цяпло і яркае сонечнае святло. Для дзяцей гэта самы доўгачаканы перыяд: закончаны чарговы навучальны год, а наперадзе тры месяцы адпачынку.
Як і ў папярэднія гады, сёлета на базе навучальных устаноў гарадскога пасёлка і раёна працуюць аздараўленчыя лагеры для школьнікаў у тры змены. Мы пабывалі ў лагеры сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.
Начальнікам лагера тут з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Пятроўна Забела.
— Наш педагагічны калектыў распрацаваў план работы летняга аздараўленчага лагера “Сонейка” такім чынам, каб дзеці не толькі займаліся разнастайнымі гульнямі, але і каб іх адпачынак прайшоў з карысцю, — кажа Іна Пятроўна. — Кожны дзень мае вызначаную тэматыку: “дзень экалогіі”, “дзень спорту”, “дзень талентаў”, “дзень Радзімы”, “дзень кветак” і іншыя.
Пасля снедання заняткі пачынаюцца ў 8.45 з “хвілінкі здароўя”. Потым ладзяцца конкурсныя праграмы, а з 10 да 11 гадзін з вучнямі займаюцца педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. 40 чалавек мы дзелім на чатыры групы. На працягу гадзіны з хлопчыкамі і дзяўчынкамі працуюць Галіна Пятроўна Закрэўская ў гурце “Займальная матэматыка”, Святлана Леанідаўна Варапаева ў гурце “Чароўныя пацеркі”, разам з педагогам Аляксандрам Яўгенавічам Жабёнкам у гурце “Легаканструяванне” дзеці складаюць з маленькіх дэталяў мадэлі робататэхнікі, а ў гурце “Цестапластыка”, якім кіруе Галіна Браніславаўна Шаўчонак, хлопчыкі і дзяўчынкі лепяць выявы жывёл, птушак і іншае.
Конкурсы малюнкаў, спартыўныя і экалагічныя гульні, музычныя конкурсы, трэнінгі зносін, канцэрты, віктарыны і пазнавальна-забаўляльныя праграмы — усё гэта праводзіцца разам з дзецьмі ў другой палове дня. Акрамя таго, у межах грамадзянска-патрыятычнага выхавання запланавана паездка па месцах баявой славы ў вёску Гарадзец, аграгарадок Лужкі і горад Глыбокае.
Завершыць сваю работу школьны лагер 25 чэрвеня. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі адпачнуць з карысцю.
Сяргей РАЙЧОНАК.