Шаркаўшчынскія бібліятэкары павіншавалі з юбілеем сваю калегу — Валянціну Андрэеўну Буйка

Общество

У вёсцы Сасноўцы пражывае ветэран бібліятэчнай справы – Валянціна Андрэеўна Буйка, якая 10 чэрвеня адзначыла 70-гадовы юбілей. У гэты дзень да яе  завіталі  былыя калегі – супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУК ”Шаркаўшчынская ЦБС“ Вера Мілянцей  павіншавала юбілярку з адметнай датай у жыцці, уручыла ёй памятны падарунак, кветкі  і выказала шмат цёплых слоў і пажаданняў моцнага здароўя і доўгіх год жыцця.

Мінула больш за 10 год з тае пары, як Валянціна Андрэеўна пайшла на заслужаны адпачынак, але гледзячы на гэту абаяльную жанчыну,  ніколі не скажаш, што яна прамінула 70-гадовую мяжу.

Падчас сустрэчы Валянціна Андрэеўна адзначыла, што служэнню яе вялікасці Кнізе яна прысвяціла 38 год. Спачатку загадвала Астраўлянскай бібліятэкай–клубам і два разы на тыдзень наведвала пункт выдачы ў вёсцы Глісцёнкі. Калі цэнтр калгаса імя Леніна перамясціўся ў вёску Сасноўцы, то і бібліятэку перавялі ў Сасноўскі сельскі клуб, у якім для бібліятэкі выдзелілі невялікі пакой. У 1981 годзе праўленне калгаса імя Леніна выдзеліла для бібліятэкі трохпакаёвае памяшканне ў двухпавярховым катэджы. Валянціна Андрэеўна арганізавала клуб па інтарэсах ”Праменьчык“, на пасяджэннях якога шмат увагі звяртала на папулярызацыю кнігі і чытання сярод дзяцей. Члены клуба цікавіліся таксама  мінулым сваёй мясцовасці. Юныя чытачы разам з бібліятэкарам займаліся зборам старажытных прылад працы і побыту продкаў, якія сталі галоўнымі экспанатамі этнаграфічнага пакою ”Нам засталася спадчына“.

Падчас сустрэчы мы з цікавасцю перагарнулі старонкі сямейнага альбома, у якім шмат фотаздымкаў, дзе Валянціна Андрэеўна з былымі калегамі. Трэба было чуць, з якой цеплынёй яна адзывалася аб некаторых з іх!

Валянціна Андрэеўна разам з мужам Гедыёнам Пятровічам выгадавалі сына і дачку, якімі яны ганарацца. Па-свойму радуюць бабулю і дзядулю чацвёра ўнукаў, якія наведваюць іх у час  канікулаў і святаў.

Сумаваць юбілярцы няма калі. Шмат часу яна аддае працы на прысядзібным участку і хатнім клопатам. Адпачнуць душой ад паўсядзённых спраў Валянціне Андрэеўне дапамагаюць кветкі. Жартам яна сказала, што залаты юбілей адзначала ў квецені бэзу, у год 60-годдзя яе радавалі буйным цветам півоніі. Букет з белых пунпонаў бульданэжу (дэкаратыўнай каліны) прыпаднёс 70-гадовы юбілей.

М. Сушко,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу