раённы маладзёжны форум, прысвечаны Дню моладзі і Году гістарычнай памяці

Главное Молодежь

Напрыканцы мінулага года паміж Шаркаўшчынскай сярэдняй школай № 1 і творчым маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “Рух наперад моладзі” (г. Мінск) было падпісана пагадненне аб сумесным супрацоўніцтве.
У красавіку прадстаўнікі аб’яднання прыязджалі ў Шаркаўшчыну з першым сяброўскім візітам. А ў сярэдзіне чэрвеня яны зноў наведалі Шаркаўшчынскі раён. Быў праведзены раённы маладзёжны форум, прысвечаны Дню моладзі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Году гістарычнай памяці.
Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Юрый Анатольевіч Васілеўскі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямёнавіч Матвееў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Мацвеевіч Сільчонак, пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Міхайлавіч Дайлідзёнак, кіраўнікі рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Рух наперад моладзі” Андрэй Аляксандравіч і Вікторыя Андрэеўна Мяхедкі, а таксама прадстаўнікі Шаркаўшчынскага райвыканкама і педагагічныя работнікі.
На форум, які прайшоў у раённым Цэнтры культуры, запрасілі ветэранаў працы, намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, спецыялістаў, адказных за ідэалагічную работу арганізацый і прадпрыемстваў раёна, маладых спецыялістаў і старшакласнікаў навучальных устаноў.
У першай частцы форума адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму “Мы верылі, мы ведалі — пераможам!”, мадэратарам якой з’яўлялася Вікторыя Мяхедка. Прысутныя выказвалі свае меркаванні, што для іх азначае пачуццё патрыятызму, любові да таго маленькага куточка зямлі, дзе чалавек з’явіўся на свет. Кожны, хто выказваўся на дадзеную тэму, падкрэсліваў, што цяпер вельмі важна памятаць сваё мінулае, свае карані, спадчыну, ведаць пра неўміручы подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў, якія сваім жыццём адстаялі мір і свабоду на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля арганізатары мерапрыемства правялі для ўдзельнікаў квэст-гульню “Разведчык”, у якой чатыры каманды атрымлівалі вызначаныя заданні. Яны ўдзельнічалі ў майстар-класах па народных рамёствах і промыслах ад супрацоўнікаў раённага цэнтра рамёстваў, мелі магчымасць прыняць удзел у віктарыне “Храмы Шаркаўшчыны”, арганізаванай спецыялістамі раённай бібліятэкі, і іншых выпрабаваннях.
Такім чынам, сумеснае супрацоўніцтва ў межах падпісанага пагаданення працягваецца. Ужо сёння бакі распрацоўваюць новыя планы па рэалізацыі дамоўленасці.
Сяргей РАЙЧОНАК.