У народзе кажуць, што ўсе прафесіі з’яўляюцца важнымі і патрэбнымі. Такога ж меркавання прытрымліваецца і загадчыца склада гаручазмазачных матэрыялаў і запасных частак ААТ “Ельня-Агра” Іна Губенка.
Жанчына кажа, што прыйшла ў гэту прафесію выпадкова. Але, напэўна, выпадковасцей не бывае ў нашым жыцці, ўсе мы падуладныя лёсу.
Нарадзілася Іна Ігараўна ў вёсцы Васюкі, потым сям’я пераехала ў вёску Зорка. У савецкія часы, як і цяпер, моладзь шукала лепшай жыццёвай долі менавіта ў горадзе. Таму і Іна пасля заканчэння Ямненскай базавай школы паступіла ў медыцынскае вучылішча ў Латвіі, меркавала звязаць сваё жыццё з медыцынай, з гарадскім ладам жыцця. Тым не менш, праз пэўны адрэзак часу жанчына вярнулася ў свае родныя мясціны.
— Ніколькі пра гэта не шкадую, — сказала Іна Ігараўна. — Тут побач усе родныя і блізкія людзі, тут сябры і знаёмыя. 12 год я працую на пасадзе загадчыцы склада ГЗМ і запасных частак. Вядома, ёсць свае пэўныя цяжкасці, але яны маюцца ў кожнай прафесіі. Галоўнае, быць шчаслівым чалавекам і атрымліваць задавальненне ад сваёй працы.
Сяргей РАЙЧОНАК.
