Шаркаўчанка Наталля Іванаўна Арсоба адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння

Общество

Напэўна, большасць шаркаўчан, асабліва прадстаўнікоў пажылога пакалення, ведаюць жыхарку райцэнтра Наталлю Іванаўну Арсоба. Жанчына большую частку свайго жыцця прысвяціла працы на нашай зямлі.
22 чэрвеня паважаны ў грамадстве чалавек сустрэла свой юбілейны дзень нараджэння. Напярэдадні такой знакавай даты мы наведалі Наталлю Іванаўну, пагутарылі пра гады маладосці, пра яе працоўны шлях, сям’ю.
— Нарадзілася і вырасла я ў Рэчацкім раёне Гомельскай вобласці, — кажа мая суразмоўца. — Пасля заканчэння школы паступіла ў Пінскі мясамалочны тэхнікум. Атрымаўшы дыплом, па накіраванні трапіла ў Шаркаўшчыну. Было гэта 1 лютага 1967 года. У той час у раённым цэнтры функцыянаваў Шаркаўшчынскі масласырзавод. Першай маёй пасадай, з якой я пачала свой працоўны шлях, стала пасада майстра маслацэха, потым працавала старшым майстрам, інжынерам, дырэктарам.
З надыходам вясны 1967 года я хацела нават вярнуцца на сваю малую радзіму, бо дужа “забаялася” шаркаўшчынскай гліны. Сапраўды, навокал была гразь, вялізныя лужы, наогул, кепскія ўмовы працы. Тым не менш, дырэктар прадпрыемства сказаў, маўляў, адпрацуеш тры гады тут, потым вяртайся на Гомельшчыну. Але лёс распарадзіўся так, што я тут засталася назаўсёды, бо ў хуткім часе сустрэла свайго будучага мужа. Ён працаваў са мной на адным прадпрыемстве зваршчыкам, машыністам халадзільных установак. Згулялі камсамольскае вяселле, аб’яднаўшы свае лёсы ў адзін.
Ведаеце, у тыя часы на нашым прадпрыемстве працавала каля 70-80 чалавек. Выраблялі малако, кефір, смятану, розных гатункаў сыры, масла, нават марожанае. Малако дастаўлялі нам на завод на конскіх падводах у алюмініевых флягах, на грузавых аўтамабілях, бо малакавозаў у раёне амаль не было.
У 1966 годзе ў Глыбокім пачалося будаўніцтва малочнакансервавага камбіната, увядзенне якога ў эксплуатацыю адбылося у 1972 годзе. Камбінат быў разлічаны на вытворчасць вялікага аб’ёму выпускаемай малочнай прадукцыі — 800 тон у суткі. Там усталявалі сучаснае абсталяванне, праца стала механізаванай. Пакрысе мы ў Шаркаўшчыне перасталі выпускаць масла, сыры. Карацей кажучы, абсталяванне нашага завода ўжо не адпавядала патрабаваннем часу. У рэшце рэшт, Шаркаўшчынскі масласырзавод быў зачынены. Вось такі сумны лёс напаткаў наша прадпрыемства.
Там я адпрацавала 40 год, да выхаду на заслужаны адпачынак. У нашай з мужам сям’і нарадзіліся сын Андрэй і дачка Таццяна. Андрэй жыве ў Шаркаўшчыне, працуе ў дарожнай арганізацыі. Таццяна пасля вучобы паехала ў Мінск, дзе жыве і працуе ў сістэме гандлю. Маю дзвюх унучак і аднаго ўнука — мае радасць і апора ў жыцці. На жаль, мінула пяць год, як не стала майго мужа. Родныя часта наведваюцца да мяне, не пакідаюць у адзіноце, а гэта вельмі важна для пажылога чалавека.
Акрамя падтрымання парадку на сядзібе, Наталля Іванаўна займаецца развядзеннем кветак. Яе дом проста патанае ў рознакаляровых півонях, ружах, агератуме. Да таго ж юбілярка вядзе актыўны лад жыцця — наведвае гурткі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Падчас святкавання 35-годдзя раённай ветэранскай арганізацыі старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ўручыў ёй Падзяку кіраўніка раёна за шматгадовую добрасумленную працу. І ўзнагарода гэта заслужаная і пачэсная. Здароўя Вам і шчасця яшчэ на доўгія-доўгія гады!
Сяргей РАЙЧОНАК.