
Штоквартал у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях з асабовым саставам праводзяцца заняткі інфармацыйна-прававога характару, на якія запрашаюцца кіраўнікі і спецыялісты аддзелаў райвыканкама, сілавых структур, работнікі юстыцыі.
Напрыканцы сакавіка на сустрэчу з супрацоўнікамі РАНС прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Т. Э. Міштофт, начальнік ДАІ РАУС А. М. Протас і старшы ўчастковы інспектар міліцыі А. І. Талапіла.
Тэрэза Эдвардаўна закранула пытанні рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў, што асабліва актуальна сёлета — у Год беражлівасці. Была агучана тэма, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка. Многім вядома, што ў 2003 годзе быў заключаны дагавор паміж Шаркаўшчынскім раёнам і адміністрацыяй г. Пскова аб узаемным супрацоўніцтве. Як след гэтаму, мінулагодняя грашовая выручка ад рэалізацыі тавараў нашым райспажыўтаварыствам у гэтым рэгіёне Расіі склала 17 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце.
Пра акцыю “Адзіны дзень бяспекі”, што праводзіўся 29 сакавіка, паведаміў начальнік ДАІ РАУС А. М. Протас. Ён прывёў лічбы ДТЗ як па вобласці, так і па раёне. Агучыў канкрэтныя факты і прычыны дарожна-транспартных здарэнняў за першы квартал бягучага года.
Старшы ўчастковы інспектар міліцыі А. І. Талапіла праінфармаваў аб сістэме абароту грамадзянскай агнястрэльнай зброі сярод насельніцтва. Растлумачыў парадак яе набыцця, правільнай эксплуатацыі і трымання. Так, на сённяшні дзень у раёне афіцыйна зарэгістравана 226 чалавек, якія валодаюць зброяй (паляўнічыя ружжы), з іх 9 — уладальнікі газавых пісталетаў. З мэтай прафілактыкі, надзору, уліку і законнага трымання ружжаў, пісталетаў і г. д. у раёне праводзіцца аперацыя “Арсенал”. Аляксандр Іванавіч адказаў на шматлікія пытанні прысутных па вышэйазначанай тэме.
Арганізаваў і правёў заняткі сярод асабовага саставу намеснік начальніка РАНС В. М. Ліпскі. У рабоце “Прававога лекторыя” прыняў удзел і выступіў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. М. Федуковіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
